Эканамічная палітыка, мэтанакіраваная дзейнасць дзяржавы па рэгуляванні адносін паміж сацыяльнымі групамі, нацыямі і нацыянальнасцямі ў галіне эканомікі, забеспячэнні эфектыўнасці народнай гаспадаркі і павышэнні дабрабыту народа. Для эканамічнай палітыкі важна найбольш поўна выкарыстоўваць істотныя ўласцівасці эканамічнага ладу і асноўных эканамічных формаў. Спроба будаваць эканамічную палітыку на якой-небудзь іншай аснове, нават з самымі прывабнымі намерамі, прыводзіць да вельмі цяжкіх, разбуральных вынікаў для грамадства. І з гэтым павінны лічыцца палітыкі, бо, як кажуць, не ўсё могуць рабіць і каралі. Эканамічная палітыка - гэта практычная палітэканомія, або палітычная эканомія ў дзеянні. Для паспяховага развіцця сучаснай эканомікі вельмі важна ведаць і ўмець выкарыстоўваць рынак, сістэму падаткаў, фінансы, крэдыт, унутраныя і знешнія пазыкі і іншыя фактары інтэнсіфікацыі вытворчасці, развіцця ініцыятывы і прадпрымальнасці людзей. Эканамічная палітыка дзяржавы часта ўспрымаецца суб'ектыўна, асабліва калі яе звязваюць з імем пэўнага палітычнага дзеяча. Трэба заўсёды мець на ўвазе, што асобы ў палітыцы былі і будуць гістарычна значнымі, калі іх дзейнасць абапіраецца на падтрымку аб'ектыўных эканамічных працэсаў у грамадстве і наадварот.

Паведаміць пра недакладнасьць