Белагаловы Язэп (1883-1928?), каталіцкі святар заходняга абраду, кандыдат тэалогіі і магістр кананічнага права, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 11.02.1883 у Пецярбургу. Паходзіў з каталіцкай сям'і Мацея Белагаловага. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Пецярбургу: вучыўся ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касцёле св. Кацярыны і ў 6-й гімназіі. Скончыў у Пецярбургу Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1903) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907). Пасвячоны ў святары ў 1906 г. Пазней, у 1907-1910 гг., знаходзіўся ў Смаленску, дзе працаваў настаўнікам рэлігіі ў мужчынскай гімназіі і рэальнай навучальні. Вышэйшымі ўладамі Магілеўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі 14.08.1910 прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. За адмову праспяваць «многие лета» расейскаму самадзержцу высланы з семінарыі біскупам С.Данісевічам за мяжу (Рым, Інсбрук). У 1913-1918 гг. - зноў у Пецярбургу, дзе выконваў абавязкі намесніка прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры імя Мікалая I, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы і душпастырскай дзейнасці ў Пецярбургу. У 1918 г. прызначаны пробашчам і дэканам у Магілеў. Пэўны час выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Менску. Тут быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілеў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця ў часы царызму і ў 1920-я гады ў Савецкай Беларусі. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Выказваўся за стварэнне самастойнай беларускай каталіцкай царквы, падначаленай непасрэдна Ватыкану. Прыхільнік пашырэння ў Беларусі каталіцызму ўсходняга абраду. Падтрымліваў шырокія кантакты з Леанідам Фёдаравым, экзархам католікаў усходняга абраду ў Расеі. У 1921 і 1926 гг. арыштоўваўся органамі савецкай бяспекі. Пасля апошняга арышту «за контррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж на карысць Ватыкана» асуджаны на 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў без права амністыі. У 1928 г. прывезены з Салаўкоў у Маскву. Знаходзіўся ў турме на Лубянцы, дзе, па ўсёй верагоднасці, і быў закатаваны. Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871; ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 238, 251; ф. 46, воп. 1, спр. 39; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; PSB, II; Biełarus (Вільня). 1913. № 2; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998; Скарыніч.

Паведаміць пра недакладнасьць