Нарадзіўся ў 1852 г. (?) у Бельскім павеце Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. У 2-й палове 19 ст. - ключар Віленскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора. У 1884-1906 гг. працаваў у складзе Літоўскага епархіяльнага «попечительства о бедных духовного звания». За заслугі «по духовному ведомству» адзначаны ўказам імператара Мікалая II ордэнам св. Уладзіміра VI ступені (06.05.1908). З 1910 г. (?) - протаіерэй Літоўскай епархіі, сябра духоўнай кансісторыі. У гады Першай сусветнай вайны, пасля адступлення расейскіх войск з Вільні, свядома застаўся пры сваім прыходзе. З 1914 г. - удзельнік беларускага грамадска-культурнага і рэлігійнага руху. Разам з архімандрытам Саваціем прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Аказваў дапамогу ў арганізацыі першых беларускамоўных пачатковых школ у Вільні і першых беларускіх настаўніцкіх курсаў. На апошніх працаваў выкладчыкам Закону Божага для слухачоў праваслаўнага веравызнання. У час нямецкай акупацыі Вільні звярнуўся да вайсковых улад з пісьмовай просьбай перадаць частку нерухомасці Віленскай праваслаўнай епархіі на патрэбы беларускага школьніцтва. Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларускага навуковага таварыства ў Вільні (1917-1924). Браў удзел у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі ў Вільні (1918). На канферэнцыі разам з каталіцкім святаром У.Талочкам абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У лютым 1918 г. звярнуўся да ўдзельнікаў з'езда святароў былой Віленскай праваслаўнай епархіі, які праходзіў у Дзісне, заклікаючы праваслаўнае духавенства «адмовіцца ад русіфікацыйных функцыяў і ўзяць актыўны ўдзел у беларускай культурна-нацыянальнай творчай працы». Глыбока перажываючы за палажэнне праваслаўнай царквы на Віленшчыне, патрабаваў абароны «як праваслаўнай веры, так і праваслаўнага насялення беларускае нацыянальнасьці (іншае цяпер тут няма!)». Для паспяховай рэалізацыі гэтай праблемы-задачы заклікаў праваслаўнае духавенства Віленшчыны «адрачыся ад навязаных яму старым расейскім урадам абрусіцельных функцый і выступіць як адна з чынных сіл беларускае культурна-нацыянальнае работы, - адным словам, выступіць, як нацыянальна-беларускае духавенства». Памёр 10.11.1924 у Вільні.
Літ.: БДАЛіМ, ф. 3, воп. 1, спр. 134, 140; Архівы БНР; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1883. № 11; Сялянскай Праўда (Вільня). 1924. № 17.