Нарадзіўся ў 1884 г. ў в. Новы Двор Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Скончыў гімназію ў Горадні. У 1901-1905 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З 01.09.1906 прадоўжыў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе сустрэў сярод выкладчыкаў і студэнтаў свядомых беларусаў (лектар Б.Эпімах-Шыпіла, студэнты А.Лісоўскі і Г.Бэта). На адной са студэнцкіх сходак у 1905 г. выступіў з рэфератам, прысвечаным беларускаму адраджэнскаму руху. У 1907-1909 гг. вучыўся за мяжой у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. як настаўнік Закона Божага ў Гарадзенскай гімназіі. Служыў пробашчам пры кляштары брыгітак. Арганізаваў у Горадні гурток беларускай моладзі (1909-1914), які аб'яднаў у сваіх шэрагах будучых дзеячаў беларускага хрысціянскага і нацыянальна-адраджэнскага руху (Бычкоўскія, Л.Лявіцкі, Я.Чарапук і інш.). Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газета «Biełarus» (Вільня, 1913-1915). Напрыканцы Першай сусветнай вайны адышоў ад беларускай грамадскай і асветнай дзейнасці. Прыхільнік краёвага руху. Памёр 26.07.1933 у Горадні.
Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 146; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2526; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 92; Directorium... Mohiloviensi; Directorium... Vilnensi; ЭГБ, III; Stankiewicz A., 1929; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 7; 1934. № 2.