Эпімах-Шыпіла Браніслаў (1859-1934), культурна-асветны і рэлігійны свецкі дзеяч, кандыдат гісторыка-філалагічных навук, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, мовазнавец, літаратурны крытык, лінгвіст, выдавец, фалькларыст, бібліяфіл.

Нарадзіўся 04.09.1859 у фальварку Судзілавічы Лепельскага павета Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і дробнага шляхціца Ігната Эпімах-Шыпілы. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1871 г., пасля смерці бацькі, выехаў у Рыгу да сваякоў. Там з залатым медалём скончыў Александраўскую гімназію. У 1880 г. паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. У час вучобы зацікавіўся ўсходнімі культурамі. Выявіў вялікія лінгвістычныя здольнасці пры вывучэнні старажытных і новых моў. Авалодаў санскрытам, старажытнагрэчаскаю мовай, свабодна размаўляў на латыні. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1885 г. паспяхова здаў «педагагічны экзамен» і атрымаў ад інспектара Пецярбургскай навучальнай акругі пасведчанне на права выкладаня грэчаскай і лацінскай моў і літаратур у пецярбургскіх гімназіях. На працягу некалькіх гадоў не мог уладкавацца на педагагічную працу: «З прычыны таго, што я па дакументах лічыўся каталіцкай веры і быў не велікарускага паходжання, бо ўсіх католікаў тады лічылі палякамі, мне ўсюды адмаўлялі». Каб забяспечыць сябе «хлебам надзённым», даваў прыватныя ўрокі, працаваў у рэдакцыі «Журнала Министерства путей сообщения». Пазней па вольным найме прыняты на службу ў бібліятэку Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля 2 гадоў працы залічаны на пасаду памочніка бібліятэкара, на якой знаходзіўся да 1925 г. У 1907-1917 гг. працаваў у Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Выкладаў старажытнагрэчаскую мову і літаратуру. Адначасова больш за 20 гадоў вёў заняткі па гэтых жа прадметах у прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкай парафіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. Там жа з 1917 г. пачаў выкладаць беларускую мову. Больш за 10 гадоў працаваў лектарам на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева. Адзін з лідэраў беларускага культурна-грамадскага, навуковага і рэлігійнага жыцця ў Пецярбургу. З беларускім хрысціянскім рухам звязаны ад пачатку 20 ст. Ініцыятар заснавання і адзін з кіраўнікоў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» (1906). З часоў выкладчыцкай дзейнасці ў духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу садзейнічаў развіццю нацыянальнай свядомасці цэлай плеяды будучых беларускіх каталіцкіх святароў - А.Станкевіча, А.Цікоты, М.Пятроўскага і інш. Адзін з духоўных патронаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Падтрымліваў цесныя кантакты з беларускімі святарамі Я.Белагаловым, Л.Хвецькам, Ф.Абрантовічам, В.Шутовічам і інш. Фактычны кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургскім універсітэце (1912-1917). Яшчэ з гадоў вучобы ў Рыжскай гімназіі збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі. Укладальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» (1889-1931), дзе сабраў унікальныя тэксты беларускай літаратуры 19 ст. Спрыяў творчаму станаўленню Янкі Купалы, рэдагаваў першы зборнік паэта «Жалейка» (1908). Удзельнічаў у Акадэмічнай навуковай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу (Менск, 1926). У 1927-1929 гг. - дырэктар камісіі Інстытута беларускай культуры па складанні слоўніка беларускай мовы. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны ў Менску 18.07.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Правёў у турме 2 месяцы. Судовая справа была спынена 12.09.1930. Пасля вызвалення савецкія ўлады забаранілі жыць і працаваць у Менску. Увосень 1930 г. вярнуўся ў Ленінград. На працягу 4 гадоў знаходзіўся «на палажэнні ссыльнага»: без кватэры, сталай працы і грошай на ўтрыманне. Памёр 06.06.1934 у Ленінградзе. Месца пахавання невядома.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 128; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Krynica (Петраград). 1917. № 4; Stankievič A., 1939; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 11; БП, VI; Навіны Акадэміі навук Беларусі (Менск). 1992. № 21-22.

Паведаміць пра недакладнасьць