Нарадзіўся 24.12.1891 у в. Арляняты Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Вінцук і Антаніна Станкевічы. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Баруны. У 1902 г. перайшоў у Гальшанскую народную школу. Скончыў гарадскую навучальню ў Ашмянах (1909?). Наступныя два гады рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Увесну 1910 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. З восені таго ж года - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу (1914-1918), дзе ўключыўся ў дзейнасць пецярбургскага гуртка беларусаў-клерыкаў. У 1916-1918 гг. быў абраны яго старшынёй. Пасвячоны ў святары 28.12.1914. Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі ў Пецярбургу («Śvietač», «Дзяньніца», «Krynica»). Браў удзел у дзейнасці першай беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917). На з'ездзе выступіў з рэфератам пра беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух і яго сувязь з рэлігійным жыццём. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З восені 1918 г. жыў у Вільні. Некалькі месяцаў працаваў душпастырам у польскай парафіі ў мястэчку Драгічын. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дыяцэзіі біскупа Ю.Матулявічуса вярнуўся ў Вільню, дзе разгарнуў шырокую нацыянальна-рэлігійную і культурна-асветную дзейнасць. Рэдагаваў беларускую каталіцкую газету «Krynica». Працаваў выкладчыкам рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1922 г. абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі, дзе стварыў фракцыю Беларускага сялянскага саюза. Узначальваў Таварыства беларускай школы (1924-1926). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. З 1926 г. разгарнуў шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва і друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі. На працягу ўсёй сваёй святарскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Арганізоўваў беларускія каталіцкія пілігрымкі. Праследаваўся польскімі духоўнымі і свецкімі ўладамі Віленшчыны. Разам з беларускімі нацыянальна-хрысціянскімі дзеячамі Ў.Талочкам і А.Клімовічам быў выселены з Вільні. Да кастрычніка 1939 г. знаходзіўся ў Слоніме. З пачаткам Другой сусветнай вайны - зноў у Вільні. Браў удзел у дзейнасці беларускіх грамадска-культурных арганізацый. Аўтар шэрагу гісторыка-культурных кніг «Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi XVI і XVII st.» (1928), «Rodnaja mowa ŭ światyniach» (1929), «Biełaruski chryścijanski ruch» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ» (1935), «Божае слова на нядзелі і сьвяты» (1938) і інш. З прыходам Чырвонай Арміі быў арыштаваны 07.12.1944 органамі савецкай бяспекі, але ў хуткім часе вызвалены. Зноў арыштаваны 13.04.1949. Прыгавораны да 25 гадоў зняволення. Накіраваны ў Тайшэтлаг. Памёр 04.12.1949 у лагеры. Пахаваны на могілках каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна.
Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; РГИА, ф. 826, воп. 128; БП, V; Krynica (Вільня). 1921. № 29; Беларус (Нью-Ёрк). 1967. № 125; Божым шляхам (Лондан). 1959. № 68-69; Byelorussian Stathood; Літаратура і мастацтва (Менск). 1998. № 20.