Зянкевіч Антон (1888-1949), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1888 г. ў г. Дзісна Віленскай губ. Паходзіў з дваранскай сям'і Ігната Зянкевіча. Вучыўся ў Сестржанцэвіцкай павятовай навучальні ў Пецярбургу. Там жа атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня. У 1905 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Аднак па прычыне адсутнасці вольных месцаў толькі праз два гады, увосень 1907 г., прыняты ў лік семінарыстаў. У беларускі нацыянальна-рэлігійны рух уключыўся пад час вучобы ў Вільні. Пасвячоны ў святары 10.06.1911. Вучыўся за мяжой. Вывучаў філасофію ў Інсбруку (Аўстрыя). Пасля вяртання на радзіму займаўся душпастырскай дзейнасцю. З 1917 г. працаваў у Дзісенскім дэканаце, дзе з пачатку сваёй духоўнай працы звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі (в. Мікалаева Дзісенскага павета). У жніўні 1918 г. удзельнічаў у дэканальным з'ездзе каталіцкіх святароў Віленшчыны, які прыняў пастанову пра шырокае ўжыванне беларускай мовы ў пачатковых школах і душпастырскай дзейнасці каталіцкіх святароў. На пачатку 1920-х гадоў - на пасадзе рэктара ў касцёле св. Стафана ў Вільні. Выступаў у абарону беларускага святара Міхаіла Пятроўскага, арыштаванага ў 1921 г. польскімі ўладамі. З 1924 г. - дэкан і пробашч у парафіі Глыбокае. Пазней, у 1928 г., прызначаны прэфектам рэлігіі ў Глыбоцкай гімназіі імя Т.Чацкага. У 1931 г. абраны кансультантам у святарскую сінадальную раду пры Віленскай мітрапалітальнай курыі. Прымаў актыўны ўдзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Адзін з 15 беларускіх святароў, якія 19.05.1925 выступілі ад імя беларускага духавенства з мемарыялам у справе беларусізацыі нацыянальнага рэлігійнага жыцця на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. У гады Другой сусветнай вайны па-ранейшаму ўзначальваў Глыбоцкі дэканат. Нягледзячы на варожыя адносіны і непрыхільнасць мясцовых польскіх каталіцкіх святароў і польскіх вернікаў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці. Памёр у 1949 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «З»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; ф. 604, воп. 5, спр. 7331; ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 139; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 1; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 2; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979.

Паведаміць пра недакладнасьць