Лазінскі Сігізмунд (1870-1932), каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп Менскі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся 05.06.1870 у в. Барацін каля Наваградка. Паходзіў з польскай каталіцкай сям'і: бацькі - Уладзіслаў і Людвіка (з дому Чачотаў) Лазінскія. Першапачаткова вучыўся ў Варшаве, два апошнія гімназічныя класы скончыў у Пецярбургу. З 1889 г. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, а пазней - студэнт Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 23.06.1895. Працаваў выкладчыкам Святога Пісання і гамілетыкі ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. У сувязі з адмовай у 1898 г. даць згоду на наведванне малодшым братам праваслаўных набажэнстваў у школе быў звольнены з працы і ў якасці пакарання адпраўлены ў Аглонскі кляштар у Латвіі. Пасля вызвалення ў чэрвені 1900 г. прызначаны на пасаду вікарыя ў Смаленску. На працягу 1901-1902 гг. выконваў святарскія абавязкі ў гарадах Тула і Рыга. Пазней служыў пробашчам у Кальварыі пад Менскам і ў Менскім кафедральным касцёле. З 1908 г. - прафесар Святога Пісання ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Адначасова выкладаў у мясцовай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны служыў капеланам у лагерах для нямецкіх і аўстра-вугорскіх ваеннапалонных. 12.11.1917 прызначаны біскупам адноўленай Менскай дыяцэзіі, заняў кафедру 14.08.1918. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску (1918). Падтрымліваў дзейнасць Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Шырока кантактаваў з беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі дзеячамі Ф.Абрантовічам, В.Гадлеўскім, К.Кулаком і інш. З прыходам у Менск бальшавікоў быў арыштаваны. Пэўны час знаходзіўся ў Смаленску і Маскве. Вызвалены ў выніку абмену на ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Жыў у Менску. Перад наступленнем Чырвонай Арміі ўлетку 1920 г. выехаў у Наваградак. Пазней перабраўся ў Пінск, дзе ў 1925 г. быў прызначаны біскупам Пінскай дыяцэзіі. Выступаў за ўжыванне беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасці на беларускіх абшарах і сам прамаўляў да вернікаў на беларускай мове. Супрацоўнічаў з рэлігійнымі каталіцкімі часопісамі «Miesięcznik Diecezji Pińskiej» (1925-1926) і «Piński Przegląd Diecezjalny» (1927-1932). Аўтар рэлігійна-навуковых брашур «Chrześcjańska miłość Ojczyzny і praca narodów» (Гнезна, 1918), «Rozważania majowe dla duchowieństwa» (Пінск, 1927), «Pedagogika w pierwszych rozdziałach Pisma Świętego» (Пінск, 1929). Заходнебеларускі дзеяч А.Клімовіч прыгадваў, што ў час адміністравання Пінскай дыяцэзіі на адной з канферэнцый дэканаў Лазінскі «проста і нядвузначна радзіў ужываць у пасторызацыі беларускага насельніцтва беларускую мову і за гэта сьцягнуў на сябе буру гневу з боку польскага шовіністычнага духавенства і наогул грамадзянства». Памёр 26.03.1932 у Пінску. Пахаваны ў крыпце Пінскага кафедральнага касцёла.

Літ.: Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 20953-С; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 194, 252, 1306; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; PSB, XVIII; Беларусь (Менск). 1919. № 1; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939.

Паведаміць пра недакладнасьць