Галасавыя мяшкі (рэзанатары), сферычныя выпукленні слізістай абалонкі асновы ротавай поласці ў самцоў амфібій. Могуць быць парныя (у жаб) і няпарныя (у квакшаў, зялёных рапух і жарлянак), служаць для ўзмацнення гукаў, якія выдаюць жывёлы. У зялёных жаб галасавыя мяшкі вонкавыя, размешчаны ў кутках рота. Яны з'яўляюцца важнай сістэматычнай прыкметай, бо пафарбаваны ў розныя колеры і дазваляюць адрозніваць віды адзін ад аднаго: у азёрнай жабы яны шэрыя, іншы раз чорныя, у сажалкавай і ядомай жаб белыя. Няпарныя ўнутраныя галасавыя мяшкі схаваны ў амфібій пад скурай горла. Такія рэзанатары маюць вастрамордая і травяная жабы, квакша, зялёная рапуха і жарлянка. У некаторых відаў яны здольныя вельмі моцна раздзімацца. Напрыклад, у самца квакшы ў час «спявання» рэзанатар раздзімаецца амаль да велічыні яго ўласнага цела, а гук чуецца на вельмі вялікай адлегласці. Скура горла самца, якая раздзімаецца, больш друзлая, чым у самкі, і не белая, як бруха, а больш цёмная, бура-жоўтага колеру. Іншы раз галасавыя мяшкі выкарыстоўваюцца амфібіямі для выканання неўласцівых ім функцый. Так, у самца паўднёва-амерыканскай рынадэрмы Дарвіна яны пераўтвораны ў своеасаблівы інкубатар, які самец запаўняе яйкамі, падбіраючы з зямлі пасля таго, як самка адкладзе іх (самец сам выношвае яйкі).

Паведаміць пра недакладнасьць