Яйка, жаночая палавая клетка, з якой у выніку апладнення або шляхам партэнагенезу развіваецца новы арганізм. У земнаводных яйкі (ікрынкі) маюць шарападобную форму і зверху абгорнуты студзяністай абалонкай, якая моцна разбухае ў вадзе. У яйка ёсць 2 полюсы: анімальны - пігментаваны, цёмнага колеру, і вегетатыўны - белага колеру з-за вялікай канцэнтрацыі ў ім жаўтка. Цёмная частка яйка, у якой размешчана аплодненая яйкаклетка, заўсёды павернута ўверх і факусуе на сябе сонечныя промні, што вельмі важна для развіцця ікры, асабліва ў паўночных шыротах. Цёмны пігмент з'яўляецца своеасаблівым экранам, які абараняе зародак ад згубных ультрафіялетавых прамянёў. Размешчаны на анімальным полюсе яйка жаўток з'яўляецца рэзервам пажыўных рэчываў для зародка. Вонкавыя студзяністыя абалонкі (1-2) могуць пакрываць кожнае яйка (напрыклад, у жаб) або ўсю масу адкладзенай ікры, утвараючы доўгі шнур (у рапух) або каўбаску (у часночніцы). Гэтыя абалонкі ахоўваюць зародак ад механічных пашкоджанняў, хімічных і мікрабіялагічных уздзеянняў, паядання птушкамі, драпежнымі бесхрыбетнымі і ад высыхання. У жаб, што адкладваюць ікру ў выглядзе вялікіх камякоў, абалонкі павялічваюць аб'ём кожнага яйка і ствараюць такім чынам значныя прамежкі паміж ікрынкамі для пранікнення вады, якая неабходна зародку для дыхання. Празрыстыя абалонкі дзейнічаюць як шкло цяпліц. Так, тэмпература ўнутры кладак бясхвостых амфібій у сонечнае надвор'е можа быць на 5-7°C вышэйшая за тэмпературу навакольнага асяроддзя. Яйкі невялікія, залежаць ад памераў амфібій, узросту, пладавітасці, спосабу размнажэння і інш. Напрыклад, у вастрамордай жабы дыяметр яйка 1,5-2 мм, а разам з вонкавымі абалонкамі - 7-8 мм, у травяной адпаведна - 2-3 мм і 8-10 мм. Колькасць яек, якія нерастуе самка бясхвостых амфібій, складае некалькі тысяч, у хвастатых - ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень (напрыклад, у грабеньчатага трытона ад 80 да 600). У параўнанні з даволі прымітыўнымі яйкамі земнаводных яйкі рэптылій маюць даволі буйныя памеры, а паводле знешняга выгляду і ўнутранай будовы (асабліва ў кракадзілаў і чарапах) нагадваюць мініяцюрныя яйкі птушак. Яйкаклетка, якая абкружана буйным жаўтком (пажыўным рэчывам, што неабходна для развіцця зародка), спачатку абвалакваецца бялковай абалонкай, у якой таксама ёсць запас вады. У змей, большасці яшчарак яна развіта слаба, і колькасць вады, якой не хапае для развіцця зародка, паступае са знешняга асяроддзя. У кракадзілаў і чарапах бялковая абалонка развіта вельмі добра. Потым яйка пакрываецца вонкавай шкарлупінай абалонкай, будова якой таксама розная ў розных відаў. У яшчарак і змей яна мае выгляд тонкага пергаменту і складаецца з валокнаў рогападобнага рэчыва, якія пераплятаюцца. Поўнасцю засцерагчы яйка ад высыхання яна не можа. Таму нармальнае развіццё яек магчыма толькі пры вільготнасці глебы не ніжэй за 25%. Пры гэтым большая частка вады, што неабходна зародку для развіцця, паступае праз шкарлупінную абалонку з навакольнага асяроддзя. У чарапах, кракадзілаў і некаторых яшчарак валакністая шкарлупіная абалонка замяняецца вапнавай, якая зусім не прапускае ваду, што дазваляе яйкам развівацца на сушы ў любых умовах. Яна мае поры, праз якія кісларод лёгка пранікае ўнутр яйка. З'яўленне шкарлупінай абалонкі ў яек рэптылій забяспечыла не толькі іх ахову ад высыхання, але і магчымасць павелічэння жаўтка і развіццё яек, мінаючы лічынкавую стадыю. Яйкі земнаводных і рэптылій маюць прынцыповыя адрозненні ў характары абмену рэчываў. Паколькі яйкі амфібій развіваюцца ў вадзе, асноўная крыніца энергіі ў іх - жаўткі, прадукты распаду якіх (мачавіна) не атручваюць зародак, таму што выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе. Аснову запасу пажыўных рэчываў у яйках паўзуноў складаюць тлушчы, якія распадаюцца на вуглякіслы газ і ваду. Газападобныя прадукты абмену лёгка выдаляюцца з яек вонкі праз шкарлупінную абалонку. Канчатковым прадуктам распаду бялкоў у рэптылій з'яўляецца слабарастваральная мачавая кіслата, якая хоць і застаецца ў яйцы, але не можа зрабіць шкоду зародку з-за слабай здольнасці да дыфузіі. Пакольку яйкі рэптылій у моцнай абалонцы надзейна абаронены і не адчуваюць нястачы ў вільгаці, яны звычайна адкладваюцца ў глебу (закопваюцца), у трэшчыны скал, пад кару дрэў і інш. Некаторыя віды (напрыклад, вуж звычайны) выкарыстоўваюць цяпло раслінных рэшткаў, што гніюць, змяшчаюць свае яйкі ў кучы прэлай травы, дзе тэмпература на 3-5°C вышэйшая за тэмпературу навакольнага асяроддзя. Жывёлы шэрагу відаў (кракадзілы, вараны, некаторыя змеі) актыўна ахоўваюць адкладзеныя яйкі. Самкі пітонаў абвіваюць кладку сваім целам, пры гэтым тэмпература ў кладцы павышаецца на 6-12°C. Хуткасць развіцця яйка залежыць ад тэмпературы і таму ў розных відаў у розных шыротах зямнога шара вагаецца ад 1 да 15 месяцаў. Ва ўмераных шыротах, у тым ліку і ў Беларусі, на развіццё яек ідзе 2-3 месяцы.

Як прыстасаванне да халодных умоў можна разглядаць яйкажыванараджэнне, якое ўласціва для асобных відаў, пашыраных пераважна ва ўмеранай зоне. У гэтым выпадку аплодненыя яйкі затрымліваюцца ў палавых шляхах самкі, дзе праходзяць усе стадыі развіцця, а потым адкладваюцца і з іх адразу ж вылупліваюцца дзіцяняты.

У сувязі з больш дасканалай будовай яек плоднасць рэптылій значна ніжэйшая, і хоць і вагаецца ад 1 да 200, у сярэднім складае 8-16 яек. Так, самка балотнай чарапахі за сезон (у траўні, чэрвені, ліпені) робіць 1-3 кладкі па 5-10 яек у кожнай. Яйкі белыя і пакрыты вапнавай шкарлупінай. Даўжыня 28-33 мм, шырыня 18-20 мм, маса каля 7-8 г. Самка адкладвае іх у ямку, якую рые заднімі канечнасцямі, а потым яе закопвае. Калі глеба, куды адкладваюцца яйкі, цвёрдая, то самка робіць яе вільготнай з дапамогай вады з анальных пузыроў. Велічыня кладкі порсткай яшчаркі залежыць у пэўнай ступені ад памераў самак і вагаецца ад 4 да 14 яек. У чэрвені самка адкладвае яйкі ў ямку, што спецыяльна вырыта, або ў нару (каля выхаду), або ў іншае месца ў рыхлы грунт (звычайна ў пясок). Яйкі, якія адкладваюцца па-за норкай, закопваюцца слоем зямлі ў 4-6 см. Адкладка яек у вужа звычайнага адбываецца ў канцы чэрвеня-ліпені. Адна самка адкладвае ад 6 да 26 яек даўжынёй 16,2-38,7 мм, шырынёй 13,2-23 мм, масай 2,1-4,7 г. Яйкі адкладваюцца ў расколінах берагоў вадаёмаў, у старых гнілых пнях, паваленых ствалах дрэў, пад кучамі гнілых бярвён, у сметніках, гнаі, пад фундаментамі пабудоў, у драўняным пілавінні. Нярэдка вужы ўтвараюць масавыя сумесныя кладкі, якія налічваюць па 60-112 яек. Усім астатнім відам уласціва яйкажыванараджэнне. Самкі вераценніцы ломкай у канцы ліпеня-жніўні адкладваюць ад 7 да 14 яек, з якіх адразу ж вылупляюцца дзіцяняты, жывародная яшчарка - ад 4 да 10 яек, гадзюка звычайная - ад 5 да 20 яек.

Паведаміць пра недакладнасьць