Герпеталогія, раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Спачатку аб'ектам вывучэння герпеталогіі былі толькі паўзуны, аднак у выніку значнага падабенства біялогіі паўзуноў і земнаводных яна даследуе таксама і земнаводных. Герпеталагічныя даследаванні цесна звязаны з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі, гідрабіялогіі, генетыкі, медыцыны, фізіялогіі і іншых дысцыплін. Зараджэнне герпеталогіі можна аднесці да часу стварэння першай сістэмы (класіфікацыі) жывёльнага свету, якая належыць самаму вялікаму філосафу і прыродазнаўцу Старажытнай Грэцыі Арыстоцелю (384-322 да н.э.), а потым развітай і сфармуляванай Карлам Лінеем (1707-1778). Як самастойны раздзел заалогіі герпеталогія даследаванні стала развівацца найбольш прыкметна ў пачатку 20 ст. і звязана ў першую чаргу з імем А.Нікольскага. У наш час важнейшыя работы па герпеталогіі выкананы П.Цярэнцьевым, С.Чарновым. У заалагічнай навуцы ў сярэдзіне 1970-х гадоў назіраўся «герпеталагічны выбух», калі рэзка павялічылася колькасць даследаванняў земнаводных і паўзуноў, звязанных з усё большай ацэнкай іх ролі ў прыродзе і чалавечай дзейнасці. У Беларусі да апошняга часу амфібіі і рэптыліі заставаліся найменш вывучанымі сярод іншых класаў пазваночных жывёл. Асобныя ўпамінанні пра амфібіі і рэптыліі Беларусі вядомы яшчэ з 18-19 ст., сярод іх найбольш поўныя фауністычныя даныя былі ў работах А.Нікольскага, П.Жачынскага (1721), П.Баброўскага, І.Зяленскага, А.Дамбавецкага. Некаторыя лакальныя даследаванні фауны амфібій і рэптылій Беларусі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. праводзіліся вучонымі сумежных краін. Першыя сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну краіны ёсць у працах А.Фядзюшына (1927-1932), апублікаваных па выніках фауністычных экспедыцый. Поўны спіс відаў амфібій і рэптылій Беларусі, іх пашырэнне прыводзяцца ў рабоце Ю.Сапажэнкава (1961). Інтэнсіўнае вывучэнне герпетафауны праведзена ў Белавежскай пушчы (А.Баннікаў і З.Бялова, 1956; Б.Галадушка, 1958-1962). Герпетафауну Беларускага Паазер'я, у тым ліку пытанні харчавання, эколага-марфалагічнай характарыстыкі, вывучалі А.Радзівоненка (1962-1972), А.Крапіўны і М.Крошчанка (1964). Звесткі пра відавы склад і колькасць амфібій і рэптылій Бярэзінскага запаведніка атрыманы Ю.Дзьякавым (1970), пра харчаванне фонавых відаў - Т.Курсковай (1973), пра зменлівасць асноўных інтэр'ерных прыкмет некаторых дамінуючых відаў - Т.Курсковай і М.Пікулікам (1976). Характарыстыцы распаўсюджання, колькасці, біямасы і росту амфібій Прыпяцкага запаведніка прысвечаны працы І.Жаркова (1975), А.Ціханскага і І.Петрачэнка (1976). Апублікаваны шэраг работ па пытаннях біяцэнатычнага і практычнага значэння амфібій і рэптылій (Э.Самусенка, Б.Галадушка, 1961; В.Літвінаў і інш., 1975; Б.Савіцкі, 1975; А.Ляшко, В.Радкевіч, 1975; І.Рудзяк, 1976; С.Чычыкіна, 1976). Серыя работ прысвечана эксперыментальнаму вывучэнню росту і развіцця лічынак бясхвостых амфібій у прыродных умовах, узроставай зменлівасці фенагенетычнай структуры папуляцый амфібій (М.Пікулік, 1975-1977). Спецыяльныя і сістэмныя даследаванні амфібій і рэптылій Беларусі былі пачаты ў Аддзеле заалогіі і паразіталогіі (цяпер Інстытут заалогіі) АН Беларусі з 1977 г. пры вывучэнні структуры і ландшафтнай дыферэнцыяцыі згуртаванняў наземных пазваночных жывёл пад кіраўніцтвам М.Доўбіка. У выніку атрыманы матэрыялы, якія дазваляюць сфармуляваць аснову эколага-фауністычнай ацэнкі герпетафауны Беларусі: марфалагічныя асаблівасці асобных відаў, іх зменлівасць, біятапічнае размеркаванне, шчыльнасць і структура засялення амфібій і рэптылій; асаблівасці размнажэння, геаграфічная зменлівасць структуры герпетакомплексаў і папуляцый дамінуючых відаў, створаны асновы новага кірунку даследаванняў - ландшафтнай герпеталогіі (М.Пікулік). З 1981 г. ў Інстытуце заалогіі АН Беларусі ў лабараторыі экалогіі наземных пазваночных жывёл пад кіраўніцтвам М.Пікуліка распрацоўваюцца пытанні дыягнастычна-важных крытэрыяў, якія характарызуюць стан відаў і лакальных папуляцый жывёл у экасістэмах з рознай ступенню антрапагеннай нагрузкі. У Інстытуце вядзецца праца па стварэнні банка даных, эксперыментальнай ацэнцы біялагічных эфектаў камбінаванага дзеяння іанізуючага выпрамянення і хімічнага забруджвання на лічынак бясхвостых амфібій, якія з'яўляюцца перспектыўнымі аб'ектамі для мэт біяіндыкацыі забруджвання навакольнага асяроддзя. Праведзены даследаванні па ацэнцы дынамікі фауны і стану зоацэнозаў у натуральных і антрапагенных ландшафтах Беларусі. З 1991 г. распрацоўваецца праблема ацэнкі відавой разнастайнасці і папуляцыйнай зменлівасці герпетафауны ў залежнасці ад мазаічнасці ландшафтаў і тыпаў экатопаў, а таксама пытанні практычнага выкарыстання амфібій і рэптылій. Да цяперашняга часу сфармаваны значны калекцыйны фонд (больш за 18 тысяч экзэмпляраў).

У выніку герпеталагічных даследаванняў дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі з ацэнкай яе складу, распаўсюджання межаў арэалаў відаў, біятапічнага размеркавання. Гэта дазволіла зрабіць эколага-сістэматычны агляд герпетафауны з характарыстыкай зменлівасці морфаметрычнай і фенагенетычнай структуры папуляцый фонавых відаў. Для шэрагу відаў упершыню апісана фенааблічча, дадзена ацэнка яго зменлівасці. Вывучаны асаблівасці размнажэння і развіцця дамінуючых відаў амфібій і рэптылій, некаторых эталагічных і экалагічных аспектаў. Праведзена герпеталагічнае зоагеаграфічнае раянаванне з падзелам тэрыторыі Беларусі на 7 раёнаў. На аснове праведзеных даследаванняў былі вызначаны рэдкія віды, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, і распрацаваны рэкамендацыі па іх ахове. Выяўлены таксама асноўныя тэндэнцыі дынамікі герпетакомплексаў і папуляцый, дамінуючых відаў пад уздзеяннем разнастайнай антрапагеннай нагрузкі (асушальнай меліярацыі, дарожнай сеткі, населеных пунктаў, высечкі лесу) на прыродныя комплексы, што стварае аснову для правядзення шэрагу мерапрыемстваў па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Паказана экалагічная пластычнасць шэрагу відаў у зменлівых умовах пражывання. Распрацавана і апрабавана сістэма крытэрыяў для выкарыстання іх пры арганізацыі экалагічнага маніторынгу, дадзена агульная ацэнка фактараў, якія вызначаюць стан і асноўныя тэндэнцыі дынамікі герпетакомплексаў у сучасных умовах антрапагеннай трансфармацыі ландшафтаў. Прадстаўлена схема (алгарытмы) маніторынгу на герпеталагічных аб'ектах, а таксама класіфікацыя біятопаў. Ацэнены перспектывы выкарыстання лічынкавых пасяленняў бясхвостых амфібій для мэт біяіндыкацыі забруджэння навакольнага асяроддзя, выяўлены магчымасці эколага-генетычнага маніторынгу забруджвання тэрыторыі з выкарыстаннем дамінуючых відаў амфібій. Паказана важная біягеацэнатычная роля амфібій і рэптылій, вялізная біямаса якіх перавышае ў шэрагу біягеацэнозаў біямасу іншых таксонаў пазваночных і тым самым аказвае істотнае ўздзеянне на беспазваночных фітафагаў. У апошні час на кафедры заалогіі Гомельскага ўніверсітэта вывучана роля амфібій і рэптылій у трафічных ланцугах. У Інстытуце заалогіі АН Беларусі атрымалі развіццё работы па стварэнні навукова-метадычных асноў рацыянальнага выкарыстання ядаў змей і некаторых відаў амфібій у медыцынскіх і навуковых мэтах. Абагульненне вялікай колькасці даных з 1977 да 1987 г. рэалізавана пераважна ў манаграфіях «Земнаводныя Беларусі» (М.Пікулік, 1985; на рускай мове), «Паўзуны Беларусі» (М.Пікулік , В.Бахараў, С.Косаў, 1988; на расейскай мове), а таксама ў больш як 150 навуковых артыкулах.

Паведаміць пра недакладнасьць