Дымарфізм, наяўнасць у межах аднаго віду дзвюх форм, якія рэзка адрозніваюцца па абліччы асобін. Адрозненні мужсчынскіх і жаночых асобін раздзельнаполых відаў называюць палавым дымарфізмам. Адрозніваюць пастаянны і сезонны палавы дымарфізм. Пастаянны мала залежыць або зусім не залежыць ад сезонных умоў. Прыкладам могуць быць шлюбныя мазалі самцоў бурых жаб, якія служаць для ўтрымання самкі пры размнажэнні (спароўванні), рэзанатары ў самцоў бясхвостых амфібій, пры іх дапамозе шлюбныя крыкі значна ўзмацняюцца і прыцягваюць увагу самак. Самцы ўсіх рэптылій маюць спецыяльныя органы спароўвання: гэта няпарныя ў балотнай чарапахі або парныя ў яшчарак і змей нарасці задняй сценкі клаакі, якія ў самак выпукляюцца наверх. Адрозненні паміж самцамі і самкамі могуць выяўляцца ў велічыні (самец звычайна меншы за самку), афарбоўцы, форме морды (у амфібій), велічыні барабаннай перапонкі, у мускулатуры пярэдніх канечнасцей, у інстынктыўных паводзінах, а таксама ў будове некаторых унутраных органаў. Сезонны палавы дымарфізм (шлюбнае ўбранне) паяўляецца толькі ў перыяд размнажэння. Так, самцы вастрамордай жабы ў перыяд узбуджэння, калі яны «спяваюць» або ўтрымліваюць самку, набываюць прыгожую серабрыста-блакітную афарбоўку. Самцы звычайнага трытона ў шлюбны перыяд адрозніваюцца ад самак наяўнасцю неперарыўнага фестончатага грэбеня, вялікай прыпухласцю клаакі, больш цёмнай афарбоўкай спіны, выкарыстаннем лопасцевых аблямовак на пальцах задніх канечнасцей. У самцоў грабеньчатага трытона грэбень яшчэ больш прыгожы, перарываецца ў месцы сутыкнення тулава і хваста. У гэты перыяд яны дэманструюць перад самкай свой рытуальны шлюбны танец, бо адсутнасць голасу не дазваляе ім прыцягнуць увагу самкі іншым спосабам. Прыбіраюцца ў шлюбны ўбор і самцы рэптылій. Узроставы дымарфізм уласцівы таксама яшчаркам. Так, маладыя вераценніцы зусім не падобныя на дарослых, яны маюць серабрыста-белую або бледна-крэмавую афарбоўку спінной часткі цела з адной або дзвюмя цёмнымі палосамі, якія праходзяць ад патыліцы ўздоўж хрыбта па ўсім целе, і чорным або цёмна-бурым брухам, што рэзка кантрастуе са спіной. У дарослых жа вераценніц бруха светлае, а спіна набывае карычнева-яркую або цёмна-шэрую афарбоўку з характэрным медным або бронзавым адлівам. Гл. таксама Полімарфізм.

Паведаміць пра недакладнасьць