Сярод бясхвостых амфібій малюнак спіны і ступень пігментацыі горла і бруха моцна вар'іруюць. З бясхвостых амфібій, што пашыраны ў Беларусі, лепш за ўсё полімарфізм малюнка спіны вывучаны ў бурых жаб, у якіх адзначаны 4 найбольш тыповыя варыянты (морфы) малюнка спіны. Паласаты малюнак: уздоўж хрыбта і пасярэдзіне галавы праходзіць светлая паласа, якая нібыта падзяляе цела на дзве часткі. Часам яна выяўлена невыразна, размыта і праходзіць ад ануса да галавы або да сярэдзіны тулава. Выразна выяўлены фенатып паласатасці прадстаўлены толькі ў папуляцыях вастрамордай жабы з поймавай тэрыторыі, якая прылягае да р. Прыпяць. У травяной жабы паласа ніколі не бывае выяўлена так выразна, як у вастрамордай, для яе больш характэрны фенатып размытасці малюнка. Дарсамедыяльная паласа прысутнічае побач з іншымі варыянтамі малюнка спіны. Плямісты малюнак: на спіне размешчаны цёмныя плямы, колькасць, форма і размяшчэнне якіх вельмі зменлівыя. Нярэдка плямы, размешчаныя ўздоўж хрыбта, зліваюцца і ўтвараюць дзве паралельныя цёмныя палосы, якія часта могуць абмяжоўваць светлую дарсамедыяльную паласу. Фенатып, які мае 2-3 плямы, уласцівы травяной і вастрамордай жабе. Рабы малюнак: на спіне мноства дробных цёмных кропак. Найбольш тыповым варыянтам з'яўляецца «леапардавы» малюнак са шматлікіх крапінак, якія зліваюцца. У многіх асобін колькасць крапінак адносна невялікая (да 10-12). Чысты малюнак: поўная або амаль поўная адсутнасць плям або крапінак. Л-падобная пляма або яе рысы звычайна застаюцца, але не заўсёды. Падобны полімарфізм адзначаецца як у таксанамічна блізкіх форм, так і аддаленых, але блізкіх экалагічна. Вядома, што фенатыпічныя (знешнія) прыкметы маюць генетычную абумоўленасць. Так для шэрагу відаў (у тым ліку і вастрамордай жабы) устаноўлена, што наяўнасць светлай дарсамедыяльнай паласы вызначаецца дзеяннем суцэльна дамінантнага аўтасомнага гена. У цэлым развіццё ўсёй афарбоўкі (уключаючы агульны фон і шчыльнасць пігментацыі) вызначаюць не менш за 6 генаў. У той жа час асобныя дэталі кантралююцца больш простымі генетычнымі сістэмамі, як правіла, адной парай алелей. Гэта адносіцца не толькі да магчымасці з'яўлення спецыфічнага малюнка, але і да асаблівасцей афарбоўкі.
Рэптыліям уласцівы полімарфізм паводле афарбоўкі і малюнка цела, а таксама паводле прыкмет фалідозу (шчыткавання). У вераценніцы ён праяўляецца паводле тыпаў спалучэння перадлобных шчыткоў (5 варыянтаў) і цемянных лусак (5 варыянтаў), а таксама па малюнку дарсальнай часткі цела. Па апошняму прызнаку вылучаюць 5 тыпаў варыяцыі прыкмет (фенаў) і іх камбінацый: наяўнасць малюнка (адсутнічае, прысутнічае); наяўнасць цёмных дарсамедыяльных палос (адсутнічаюць, прадстаўлена адной адносна шырокай паласой, дзвюма тонкімі палосамі, шасцю тонкімі палосамі); наяўнасць блакітных плям (адсутнічаюць, прысутнічаюць); наяўнасць дарсалатэральных суцэльных палос (адсутнічае, прысутнічае); магчымыя яшчэ 6 варыянтаў камбінацый асобных элементаў малюнка. У порсткай яшчаркі полімарфізм малюнка спіны праяўляецца ў зменлівасці цэнтральнай дарсамедыяльнай паласы, дарсалатэральных палос і цёмных плям. Тыповым лічыцца варыянт малюнка спіны з цёмнымі плямамі і падоўжнымі светлымі палоскамі, хоць у межах гэтага тыпу ёсць варыяцыі: розныя формы і памеры плям, светлыя палоскі бываюць суцэльныя, перарывістыя і іншыя. У папуляцыях паўднёвай часткі Беларусі трапляюцца асобіны, у якіх не выяўлены спінныя палосы і сярэдзінныя плямы, а таксама суцэльна адсутнічае малюнак на аднародна афарбаваным целе. Вядомы таксама меланісты, цела якіх афарбавана ў чорны колер. Для жывароднай яшчаркі характэрна высокая ступень зменлівасці шчыткавання галавы, асабліва перадлобных шчыткоў, плямістасці галавы, а таксама малюнка спіны. Тыповым лічыцца малюнак спіны, які складаецца з цёмнай (часта перарывістай, разбітай на асобныя плямы) паласы, якая праходзіць уздоўж хрыбта, а таксама з двух светлых палосак па баках спіны і цёмных, адносна шырокіх палос (часам разбітых на плямы) па баках тулава. Трапляюцца асобіны, у якіх малюнак адсутнічае, а таксама меланісты суцэльна чорнага колеру. Для вужа звычайнага ўласцівы полімарфізм паводле прыкмет фалідозу (шчыткавання) - перш за ўсё маецца на ўвазе частата, з якой трапляецца розная колькасць і білатэральныя асіметрычныя камбінацыі верхнегубных, завочных, скроневых, міжнасавых, ніжнясківічных, брушных, анальных і падхваставых шчыткоў. Зменлівасць праяўляецца ў кантрастнасці аранжавых або жоўтых патылічных плям (раздзельных, кантрастных, слабакантрастных). Афарбоўка спіны таксама даволі зменлівая: ад светла-шэрай да цёмна-шэрай, часам да амаль чорнай. Найбольш часта трапляюцца асобіны шэрага колеру, на фоне якога могуць быць размешчаны плямы. У мядзянкі звычайна ўздоўж спіны ёсць 2-4 рады дробных плямінак, якія могуць злівацца ў суцэльныя палоскі. У адных асобін плямы добра відаць, у іншых ледзь заўважаюцца. У гадзюкі звычайнай полімарфізм паводле шчыткавання галавы (спалучэнне лобнага і цемянных шчыткоў), малюнку галавы, спіны, вентральнай часткі цела і хваста. Зменлівасць малюнка дарсальнай часткі цела праяўляецца па цёмнай пляме на галаве, завочных светлых плямах, зігзагападобнай паласе і яе спалучэнні з цёмнымі плямамі на галаве. Вызначана, што ў зонах з пастаянным кліматам (вільготныя лясы і горы, пустыні і паўпустыні) пашыраны віды, для якіх полімарфізм не з'яўляецца характэрным, а ў зонах са зменлівым кліматам (сезонна-арыдныя вобласці) паліморфныя віды звычайныя. Гэта тлумачыцца толькі рознай экалагічнай каштоўнасцю асобных морфаў, і манаморфнасць гэтых відаў у зонах з пастаянным кліматам можа быць вынікам непасрэднага адбору на карысць найбольш прыстасаваных. Так, высветлена, што паласатыя морфы вастрамордай жабы назапашваюць у печані больш пажыўных рэчываў, чым іншыя морфы, у іх таксама больш высокі ўзровень абмену рэчываў. Асобіны з розным варыянтам малюнка размнажаюцца ў розныя тэрміны. Хуткасць метамарфозу ў іх таксама розная.