Лічынкі амфібій, постэмбрыянальная стадыя развіцця амфібій, якая характарызуецца вядзеннем самастойнага спосабу жыцця ў водным асяроддзі, актыўным харчаваннем, ростам і ператварэннем у форму, падобную па будове на дарослую жывёлу. Лічынкі бясхвостых амфібій называюцца апалонікамі. Яны адрозніваюцца ад лічынак хвастатых амфібій наяўнасцю перыяду метамарфозу. У хвастатых амфібій (трытонаў) лічынкі вельмі падобныя па будове на дарослых жывёл, таму што іх развіццё адбываецца паступова. Лічынкі амфібій заўсёды адрозніваюцца ад дарослых асобін наяўнасцю вонкавых або ўнутраных жабраў. Вонкава лічынка грабенчатага трытона адрозніваецца ад лічынкі звычайнага больш вялікімі памерамі, адносна доўгім хвастом з ніткападобным адросткам на канцы. Кормяцца лічынкі пераважна зоапланктонам.