Мечанне, метад вывучэння біялогіі жывёл, звязаны з нанясеннем індывідуальных ці групавых метак. Выкарыстоўваецца для высвятлення розных пытанняў экалогіі, марфалогіі і фізіялогіі віду ў прыродным асяроддзі. Праз мечанне жывёл можна даведацца аб працягласці і напрамку іх міграцый, працягласці жыцця ў прыродзе, харчаванні, размнажэнні, хуткасці росту, тэрытарыяльным і біятапічным размеркаванні і многім іншым (напрыклад, пры дапамозе мечання ўстаноўлена, што травяная жаба на працягу года перамяшчаецца на 3-4 км і здольна зімаваць у розных, часам даволі аддаленых адзін ад аднаго вадаёмах, вуж і гадзюка за летні перыяд могуць перамяшчацца на некалькі кіламетраў). Мечанне заключаецца ў маркіраванні жывёл індывідуальнымі ці групавымі меткамі, якія дазваляюць беспамылкова распазнаваць мечаны экзэмпляр ці групу. Сярод найбольш пашыраных метадаў мечання амфібій і рэптылій адзначаюць: нанясенне на цела каляровымі фарбамі метак або лічбаў (змеі, сухапутныя чарапахі, яшчаркі); ампутацыя фалангаў пальцаў па вызначанай сістэме, калі пальцы пярэдніх канечнасцей паслядоўна паказваюць на нумар дзесятка, а пальцы задніх канечнасцей - адзінкі (амфібіі, яшчаркі); прымацоўванне металічных кольцаў з парадкавым нумарам і дадатковай інфармацыяй (марскія чарапахі, змеі, яшчаркі, амфібіі); «татуіроўка» - увядзенне неабходных фарбавальнікаў пад скуру жывёл (бясхвостыя амфібіі); клеймаванне вадкім азотам (змеі, яшчаркі, чарапахі, некаторыя амфібіі); увядзенне пад скурныя покрывы або ў тлушчавыя тканкі жывёл радыеактыўных метак, нанясенне метак лазерным промнем; выкарыстанне індывідуальных асаблівасцей афарбоўкі, малюнка, будовы цела ў якасці вызначальных прыкмет.