У амфібій складаюцца з вонкавага слоя, або эпідэрміса, і ўнутранага - корыума. Эпідэрміс - шматклетачны, а корыум - тонкі, пранізаны капілярамі. Скура земнаводных мае вялікую колькасць шматклетачных слізеаддзяляльных залоз і не мае рагавых утварэнняў. Слізь, якая выдзяляецца залозамі, увільгатняе скуру, засцерагае яе ад высыхання, зніжае трэнне ў час руху ў вадзе, валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі (каб не скісала малако, нашы продкі ў жбан пускалі зялёную жабу). У некаторых відаў (жарлянка, часночніца, рапуха) залозы выпрацоўваюць асобыя рэчывы з непрыемным пахам і смакам, каб адпужваць драпежнікаў. Сакрэт асобных залоз можа мець ядавітыя рэчывы, а таксама рэчывы, якія з'яўляюцца пэўным сігналам. У ніжніх слаях эпідэрміса і ў корыуме знаходзяцца пігментныя клеткі, яны вызначаюць афарбоўку жывёл. У некаторых асобін скура на канцах пальцаў становіцца больш тоўстай і арагавелай, утвараючы кіпцюры (напрыклад, у кіпцюрастага трытона). Скура амфібій з'яўляецца вельмі важным органам дыхання і воднага абмену. Яна прымацоўваецца да цела толькі ў асобных месцах, паміж якімі размешчаны вялікія лімфатычныя вузлы.
У рэптылій скурныя покрывы таксама складаюцца з эпідэрміса і корыума, але вонкавы слой эпідэрміса арагавелы. Клеткі слоя запоўнены асобым бялком (керацінам), які выцесніў пратаплазму і ядро. За мёртвым арагавелым слоем знаходзіцца мальпігіеў слой з жывых клетак, якія размнажаюцца. Звонку за кошт разрастання рагавога слоя ўтвараюцца шчыткі, лускавінкі, шыпы, кіпцюры і г.д. У некаторых відаў пад рагавымі лускавінкамі знаходзяцца косцявыя бляшкі, яны ў чарапахі, напрыклад, утвараюць суцэльны касцявы панцыр. У мальпігіевым слоі эпідэрміса размешчаны пігментныя клеткі, якія абумоўліваюць афарбоўку паўзуноў. Скурныя залозы ў рэптылій практычна адсутнічаюць. Напрыклад, у яшчарак на сцёгнах і каля клаакі, у змей і чарапах на мордзе і некаторых іншых месцах цела ёсць пахучыя залозы для прываблівання асобін процілеглага полу, мечання тэрыторыі і іншай хемакамунікацыі. Арагавелая скура добра засцерагае арганізм ад механічных пашкоджанняў у наземных умовах, ахоўвае ад страт вады і пранікнення хваробатворных арганізмаў. Скура амаль не расцягваецца, і таму рэптыліі па меры росту пастаянна ліняюць, скідваючы стары рагавы слой скуры (выпаўзак). Яшчаркі ліняюць асобнымі ўчасткамі. Пералінялая жывёла некаторы час маларухомая і трымаецца ў зацішных месцах, пакуль новая скура не арагавее.