У амфібій тулаўныя ныркі лентападобнай формы размешчаны ўздоўж пазваночніка. Кожная нырка складаецца з нефронаў, утвораных клубочкамі і канальцамі. Клубочак змешчаны ў капсулу са злучальнай тканкі і злучаны з канальцам кароткай пратокай, утвараючы з імі так званую баўменаву капсулу. У ёй адбываецца дыфузія з плазмы крыві вадкіх прадуктаў абмену (у асноўным мачавіны), якія па мачаточніку (вольфавым канале) трапляюць у клааку, потым у мачавы пузыр, а адтуль зноў праз клааку - вонкі. У канальцах адбываецца зваротнае ўсмоктванне ў арганізм часткі вады і некаторых рэчываў, напрыклад цукроў. Такі ж працэс адбываецца ў некаторых амфібій у мачавым пузыры. Гэта асабліва важна для жывёл, якія водзяцца ў засушлівых рэгіёнах. У апалонікаў ныркі не тулаўныя, а галаўныя (пранефрас). Яны выдзяляюць раствор мачавіны і часткова аміяку. У самцоў амфібій побач з ныркамі размешчана пара семяннікоў бобападобнай формы. Канальцы семяннікоў, якія выносяць семя, праходзяць праз нырку і ўпадаюць у мачаточнік, які выконвае функцыю правядзення як мачы, так і семя. Канцавыя расшыраныя аддзелы вольфавых каналаў (семянныя пузыркі) служаць для часовага рэзервавання семя. Капуляцыйных органаў у амфібій няма. Палавыя органы самак прадстаўлены парнымі яечнікамі, дзе фармуюцца яйкі, спелыя яйкаклеткі ў тонкай абалонцы выпадаюць з яечніка ў поласць цела і пападаюць у размешчаную побач лейку дастаткова доўгага яйкавода, які адкрываецца ў клааку. Яйкаводы (мюлеравы каналы) уяўляюць сабой вельмі звілістыя трубкі, праходзячы па іх, яйкі пакрываюцца слізістымі абалонкамі, якія потым моцна разбухаюць у вадзе. Апладненне яек у бясхвостых амфібій адбываецца ў вадзе, куды самец выдзяляе семянную вадкасць. У хвастатых апладненне ўнутранае: самка схоплівае клаакай сперматафоры, адкладзеныя ў ваду самцамі.
У рэптылій органамі выдзялення служаць тазавыя ныркі. Іх нефроны губляюць сувязь з цэламічнай вадкасцю. Большае развіццё атрымліваюць баўменавы капсулы, бо ўся нагрузка па рэгуляцыі водна-салявога абмену прыходзіцца на іх. Ад вольфавага канала, які выконвае ў самцоў амфібій змешаную функцыю, аддзяляецца ўласна мачаточнік, а сам канал выконвае ў рэптылій толькі функцыю семяправода. Мачаточнікі адкрываюцца ў клааку. Сюды ж адкрываецца і мачавы пузыр. У самак вольфаў канал рэдуцыруецца. Мача рэптылій складаецца ў асноўным з эмульсіі мачавой кіслаты. У дарослых рэптылій мача з мачаточнікаў пападае ў клааку, а з яе ў мачавы пузыр, пры напаўненні якога праз клааку выкідваецца вонкі. Сценкі мачавога пузыра здольныя да ўсмоктвання вады і раствораных рэчываў з мачы. Палавая сістэма рэптылій падобная да такой жа ў земнаводных. Парныя палавыя залозы (ганады) ляжаць у поласці цела па баках пазваночніка. Яйкавод самак (мюлераў канал) уяўляе сабой танкасценную трубку, якая адкрываецца лейкай у поласць цела, а другім канцом - у клааку. У сценках яйкавода ёсць залозы, якія выпрацоўваюць яйкавыя абалонкі: бялковую, падшалупінную і шалупінную. Бялковая абалонка з'яўляецца своеасаблівым запасам вады для зародка, які развіваецца (у змей і яшчарак яна адсутнічае). Астатнія абалонкі ахоўваюць яйка ад механічных пашкоджанняў, расцякання, пранікнення хваробатворных мікраарганізмаў і інш. Семяннікі ў рэптылій маюць прыдаткі, якія ўяўляюць сабой астатак тулаўнай ныркі. Праз канальцы прыдатка семянная вадкасць трапляе ў вольфаў канал. Для рэптылій (акрамя гатэрыі) характэрна наяўнасць органа спароўвання, паколькі апладненне ў іх унутранае. Ён ўяўляе сабой парныя вырасты задняй сценкі клаакі, якія ў перыяд узбуджэння выварочваюцца вонкі.