У амфібій органы нюху прадстаўлены нюхальнымі парнымі капсуламі, злучанымі з навакольным асяроддзем праз парныя ноздры і з ротавай поласцю праз хааны. Ноздры адкрываюцца і закрываюцца дзеяннем спецыяльных мышцаў. Сценкі нюхальных мяшкоў складкавыя, з бакавымі выпучваннямі, якія павялічваюць нюхальную паверхню. Слізістая абалонка нюхальных мяшкоў пастаянна змочваецца сакрэтам трубчастых залоз. Нюхальны эпітэлій, да якога падыходзяць канчаткі нюхальнага нерва, размешчаны толькі на частцы сценак капсул. Найбольшую плошчу ён займае ў бязногіх земнаводных, сярод бясхвостых ён найбольш развіты ў рапух і квакшаў. Ноздры і хааны адначасова з'яўляюцца і паветраноснымі шляхамі і функцыянуюць толькі ў паветраным асяроддзі, паколькі ў вадзе ноздры закрыты. Лічыцца, што пры дапамозе нюху амфібіі здольны распазнаваць пах месца пражывання, корму, а таксама пах свайго ці чужога віду. Пах корму, што знаходзіцца ў ротавай поласці, амфібіі распазнаюць пры дапамозе так званага якабсонавага органа, які ўяўляе сабой сляпыя выпучванні ў вобласці хаан, высланыя адчувальным эпітэліем, які інервуецца галінамі нюхальнага нерва.
У рэптылій у адрозненне ад амфібій сярэдняя частка нюхальнага ходу дзеліцца на ніжні (дыхальны) і верхні (уласна нюхальны) аддзелы. У пачатку ўсяго нюхальнага ходу выражана адасобленае пераддзвер'е, а ніжні аддзел уяўляе сабой насаглотачны ход. Якабсонаў орган размешчаны ў паднябенні ротавай поласці спераду хаан і развіты лепш, чым у амфібій. 3 дапамогай якабсонавага органа рэптыліі ўспрымаюць пахі не толькі корму, які знаходзіцца ў роце, але і тыя, што прыносяцца языком з навакольнага асяроддзя. Напрыклад, змеі, пастаянна высоўваючы доўгі раздвоены язык, як бы абмацваюць ім навакольныя прадметы і паветра, а потым уцягваюць яго ў рот і накіроўваюць у якабсонаў орган, дзе пахі аналізуюцца. Нюх у паўзуноў вастрэйшы, чым у земнаводных, і адыгрывае куды большую ролю ў арыентацыі і здабыванні корму. Напрыклад, яшчаркі пры дапамозе нюху здольныя адчуваць корм, які знаходзіцца ў глебе на глыбіні 6-8 см. Механічныя раздражненні амфібіі ўспрымаюць датыкальнымі цельцамі, раскіданымі ў паверхневых слаях скуры. Акрамя таго, у эпідэрмальным слоі скуры ёсць свабодныя канцы адчувальных нерваў, якія ўспрымаюць не толькі болевыя і тактыльныя, а і тэмпературныя адчуванні. Мяркуюць, што частка з іх рэагуе на змяненне вільготнасці і хімізму навакольнага асяроддзя. Датыкальную функцыю выконваюць таксама вялікая колькасць адчувальных клетак на языку і ў ротавай поласці. 3 іх дапамогай жывёліна вызначае становішча кармавога аб'екта ў ротавай поласці. У рэптылій механічныя раздражненні ўспрымаюцца датыкальнымі «валаскамі» (арагавелыя клеткі скуры), размешчанымі на краях лускавінак і звязанымі з датыкальнымі плямамі - вялікай колькасцю адчувальных клетак, якія ляжаць пад эпідэрмісам. Адчуванне дотыку добра выяўлена таксама ў чарапах, якія адчуваюць нават самы лёгкі дотык да панцыра.