Першая дапамога пры ўкусах змей. Патэнцыяльна небяспечныя для жыцця чалавека толькі буйныя змеі, напрыклад гюрза, кобра і эфа. Укус гадзюкі звычайнай, адзінай ядавітай змяі ў Беларусі, менш небяспечны, аднак пры пэўных абставінах (малады ўзрост чалавека, слабае здароўе і алергічная схільнасць, буйныя памеры змяі, вялікая колькасць яду, укус у вобласць галавы ці ў буйны сасуд) ён можа прывесці да моцнага атручэння арганізма. Ад своечасовай, а галоўнае кваліфікаванай першай дапамогі, аказанай пацярпеламу, залежыць не толькі хуткасць і эфектыўнасць выздараўлення хворага, але і ступень ускладненняў, выкліканых інтаксікацыяй арганізма ядам. Першая дапамога аказваецца ў парадку сама- і ўзаемадапамогі. Перш за ўсё пры ўкусе гадзюкі звычайнай імгненна (!) накладваецца жгут або пераціскаецца буйны сасуд здаровай рукой вышэй за месца ўкусу па крывацёку (на 3-5 хвілін, не болей!), праводзіцца інтэнсіўнае адсысанне ротам яду з ранкі на працягу 5-10 хвілін з наступным выплёўваннем. Наяўнасць у роце дробных ранак пры гэтым не ўяўляе сабой небяспекі, паколькі яд хутка разбураецца ферментамі сліны. Адсысанне эфектыўнае толькі ў самыя першыя хвіліны. Устаноўлена, што яно дазваляе выдаліць 28-40% яду з арганізма. Пасля гэтага здымаецца жгут, пацярпелага ўкладваюць у халаднаватае месца, укушаная канечнасць фіксуецца вышэй за цела пацярпелага для адтоку крыві і змяншэння пухліны. Пацярпелага неабходна супакоіць і забяспечыць яму вялікую колькасць піцця (малако, чай, вада). Для змяншэння болю ў вобласці ўкусу можна выкарыстоўваць халодныя прымочкі і кампрэсы. Пасля гэтага неабходна хутчэйшая шпіталізацыя пацярпелага для правядзення сімптаматычнага і патагеннага лячэння. Сумяшчэнне з мерамі першай неабходнасці такіх мерапрыемстваў, як правядзенне навакаінавай блакады шляхам абколвання месца ўкусу, увядзенне ўнутрывенна, у залежнасці ад ступені цяжкасці ўкусу, ад 30 да 120 мг раствору анальгіну, 1 мл раствору дымедролу і 2 мл но-шпы, вядзе да больш хуткай нармалізацыі стану хворага і аслабленню інтаксікацыі. Катэгарычна забараняецца: накладваць доўгатэрміновыя жгуты на пашкоджаную канечнасць, рабіць надрэзы і прыпяканні ў месцы ўкусу і ўжываць алкаголь. Гэтыя мерапрыемствы ў некалькі разоў пагаршаюць стан пацярпелага, а часам з'яўляюцца прычынай смерці (гл. таксама артыкул Супрацьзмяіная сываратка.