Рыючыя віды амфібій і рэптылій. Здольнасць закопвацца ў глебу звязана з патрэбнасцю ў сховішчах ад неспрыяльных умоў надвор'я і ворагаў. У працэсе эвалюцыі ў амфібій і рэптылій выпрацавалася вялікая колькасць разнастайных прыстасаванняў, якія аблягчаюць іх перамяшчэнне ў глебе. Дзякуючы скурным складкам і здольнасці рабіць больш плоскім цела хутка «тонуць» у пясчаным грунце круглагалоўкі, рагатая гадзюка, пясчаная эфа. Верацёнападобная форма цела спрыяе закопванню ў глебу бязногіх амфібій, стэпавага ўдаўчыка, некаторых полазаў, шырока вядомай бязногай яшчаркі - вераценніцы. У герпетафауне Беларусі да тыповых рыючых жывёл можна аднесці толькі часночніцу і порсткую яшчарку. Рыючая дзейнасць першай настолькі вялікая, што гэты від лічыцца актыўным глебаўтваральнікам. Гэта жывёла мае на задніх лапах моцна развіты цвёрды пятачны бугарок, які і выкарыстоўвае пры закопванні ў глебу. Пры неабходнасці часночніца пачынае рабіць заднімі канечнасцямі разграбаючыя рухі, выкопвае з-пад сябе глебу і паступова апускаецца ў яе задняй часткай цела. Увесь гэты працэс працягваецца паўхвіліны-хвіліну, аднак часночніца можа заміраць на любой стадыі закопвання і заставацца ў такім стане значна даўжэй. На дзень гэта жывёла, як правіла, зарываецца ў глебу на глыбіню ад 2-3 да 20-30 см, а ноччу выходзіць на паляванне. Шэрая, зялёная і чаротавая рапухі таксама нядрэнна перамяшчаюцца ў шчыльным субстраце, але выкарыстоўваюць яго як часовае прыстанішча. Жабы, якія зімуюць у вадзе, часам зарываюцца ў глей або раслінныя рэшткі. Праўда, робяць яны гэта з дапамогай пярэдніх канечнасцей. Астатнія наземныя віды толькі зрэдку здольныя выкапаць невялікую ямку або расшырыць мышыную нару.

Паведаміць пра недакладнасьць