Сховішчы, спецыяльна пабудаваныя або прыродныя прытулкі, якія выкарыстоўваюцца амфібіямі і рэптыліямі для пастаяннага жыхарства, вывядзення патомства, адпачынку, выратавання ад ворагаў і непагадзі. Большасць амфібій і рэптылій спецыяльных нораў і сховішчаў не рыюць, а выкарыстоўваюць прыродныя (пустоты і трэшчыны ў глебе, пад каранямі і пнямі, паваленымі стваламі дрэў, норы мышападобных грызуноў, кучы галля і інш.). Часам амфібіі і рэптыліі залазяць у дуплы і шчыліны дрэў. Зялёныя жабы, балотная чарапаха, а часам жывародная яшчарка і вуж пры небяспецы хаваюцца ў вадаёмах, зарываюцца ў глей або ныраюць на глыбіню. Порсткая яшчарка, часночніца і рапухі рыюць і індывідуальныя норы. Земнаводныя і паўзуны ў якасці сховішчаў часта выкарыстоўваюць сметнікі, гаспадарчыя пабудовы і інш. Летнія сховішчы часцей за ўсё размешчаны на глыбіні 15-20 см, зімновыя - ніжэй за ўзровень прамярзання глебы, ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да 1-1,5 м. Зімовыя сховішчы некаторымі відамі выкарыстоўваюцца як «калектыўныя», у якіх збіраюцца да некалькіх дзесяткаў або соцень асобін. У Беларусі масавыя наземныя зімоўкі вядомы ў гадзюкі, вужа, шэрай і зялёнай рапух, у адным зімовым сховішчы знаходзілі па некалькі жывародных яшчарак. Зімоўкі ў невялікай колькасці на праточных участках рэчышчаў рэк адзначаны ў балотнай чарапахі. Шматлікія зімовыя групы ў водным асяроддзі вядомы ў травяной і зялёнай жаб. Для амфібій і рэптылій своеасаблівымі сховішчамі з'яўляюцца густыя зараснікі травяністай і хмызняковай расліннасці, тут яны хаваюцца ад небяспекі або спякоты і ветру.