Норы, часовыя або пастаянныя сховішчы, якія ствараюць жывёлы ў глебе або іншым субстраце. Сярод амфібій і рэптылій Беларусі будаўнітва нор найбольш развіта ў порсткай яшчаркі, рапух і часночніц. Радзей робяць норы змеі. Апошнія часцей выкарыстоўваюць норы іншых відаў жывёл або прыродныя пустоты пад каранямі дрэў, пнямі, у кучах камянёў, галля і інш. Рапухі і часночніцы рыюць заднімі канечнасцямі, адкідаючы грунт у бакі і пагружаючыся ў глебу заднім канцом цела. Змеі як бы ўсвідроўваюцца ў мяккі грунт галавой, а яшчаркі пры гэтым выкарыстоўваюць і пярэднія канечнасці. У яшчарак норы бываюць простыя з 1-2 выхадамі на паверхню і складаныя, якія маюць больш як 2 выхады. Даўжыня нор можа быць ад 40 да 150 см пры глыбіні размяшчэння да 40 см. Часта каля нары, недалёка ад яе ўвахода, яшчаркі капаюць ямку, у якую адкладваюць яйкі. Порсткая яшчарка раўніва адносіцца да наведвання сваёй нары як сародзічамі, так і іншымі відамі. Апісаны выпадак, калі яна выцягвала з нары зялёную рапуху, ухапіўшы яе зубамі за бок. На час зімоўкі выхады з нары яшчарка закрывае апалым лісцем, сухой травой ці зямлёй.