Арка (іт. arco ад лац. arcus - дуга, выгін), крывалінейнае перакрыцце праёмаў у сцяне (дзверы, вокны, вароты) ці пралётаў паміж дзвюма апорамі. А. бываюць паўцыркульныя (апісаныя паўакружнасцю), падковападобныя, лучковыя (апісаныя дугой, меншай за паўакружнасць), стрэльчатыя (утвораныя дзвюма дугамі, якія перасякаюцца пад вуглом), шматлопасцевыя (складаюцца з некалькіх дробных арачак). А. адрозніваюць па прызначэнні: падпружныя (падтрымліваюць розныя тыпы скляпеністых канструкцый), разгрузачныя (успрымаюць і перадаюць нагрузку ад верхніх частак збудавання). Разнастайныя формы A. у развіцці архітэктуры набываюць не толькі канструкцыйнае, але і дэкаратыўнае значэнне, становяцца элементамі арнаменту - характэрнымі прыкметамі таго ці іншага стылю: спічастыя і трохлістыя А. - готыкі, паўцыркульныя - рэнесансавыя, падковападобныя - маўрытанскія, кілепадобныя - старажытнарускія і г.д. (гл. Стыль у мастацтве). У беларускім дойлідстве арачныя канструкцыі з'явіліся ў 11-12 стст.

Паведаміць пра недакладнасьць