Арнат (лац. ornatus), верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 полак (кожная мае падзел на 2 «бакі» і «калону» - сярэднюю частку), закругленых унізе і замацаваных плечавымі швамі. У Беларусі А. шыліся з каштоўных тканін (парча, аксаміт, шоўк), упрыгажваліся гафтам, тасьмой, карункамі, жэмчугам, каштоўнымі камянямі. Часта ў А. выкарыстоўваліся фрагменты іншых мастацкіх тканін, напрыклад, слуцкіх паясоў.