Манстранц (манстранцыя; франц. monstrance ад лац. monstrare - паказваць), у каталіцкай царкве літургічны прадмет, у якім у час набажэнства, касцельных свят (урачыстасці, працэсіі) дэманструецца Св. прычасце (госція). Складаецца з асновы (паддона), ножкі і «сонейка» - дэкаратыўна аздобленага завяршэння, у якім знаходзіцца шкляная капсула. Выконваецца з каштоўных металаў (серабра, пазалочанага серабра) у тэхніцы ліцця (гл. Ліццё мастацкае), аздабляецца чаканкай, гравіроўкай, прасечкай; адзін з пашыраных прадметаў у беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве 16-18 стст.