Тканіны мастацкія, тэкстыльныя тканіны, зробленыя на ручных ці механічных станках, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, своеасаблівасцю колеравых спалучэнняў, высокім майстэрствам выканання і маюць дэкаратыўнае выкарыстанне ў якасці заслонаў, драпіровак, абрусаў, адзення, абіўкі мэблі і г.д. Характар арнаментацыі Т. м. абумоўлены іх прызначэннем, матэрыяламі і тэхнікай выканання, залежыць ад спосабаў перапляцення нітак, нанясення на тканіну малюнка спосабам набойкі, вышыўкі, аплікацыі, a таксама ад колеру і фактуры нітак, якія ствараюць пэўны арнамент, выяву. Да найбольш пашыраных відаў Т. м. адносяць: абрус, габелен, кілім, арас, шпалеру, палас.