ля

ля1, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ля выражае прасторавыя, аб'ектныя адносіны і адносіны прыблізнасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прасторавай блізкасці; побач, паблізу каго- ці чаго-н. (Тое ж, што і каля ў 1 знач.) Стол стаіць ля акна. Дэманстранты праходзілі ля трыбуны. Ля берага было халаднавата. Хатка ля станцыі.Ля гасцінца, ля дарогі курганок віднее (Я.Купала). Долу гнецца густая трава ля ракі (А.Александровіч). Хай ля кожнае хаты зноў будуць прысады (К.Буйло). Успененыя грэбні хваль з глухім рокатам праносіліся ля бартоў (М.Лынькоў).
// Вакол каго- ці чаго-н. Кот цёрся ля ног. Камары віліся ля галавы.Толькі вятры запяваюць навокал і завіваюцца хіжа ля ног (П.Броўка).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Размоўн. і абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, да якога сцвярджаюцца якія-н. адносіны, дачыненне, пачуццё. (Тое ж, што і каля ў 2 знач.) Завіхаўся ля суседкі. Аціраліся ля пакупнікоў.Паехаў быў вучоны нештавед аж у Амерыку, за свет, ля Моргана якогась аціраўся, і розуму такога там набраўся, аж нос яго задраўся (К.Крапіва). Ля яе завіхалася заклапочаная дзяўчына (М.Лынькоў).

III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

3. Абл. Ужываецца для абазначэння недакладнай, прыблізнай меры чаго-н. (звычайна: некалькі менш якой-н. меры). (Тое ж, што і каля ў 3 знач.) Вёрст ля тысячу мы прайшлі. А ля дваццатага года палякі прыйшлі.

ля2, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і для. Ды і бацька малады. Ля цябе ён загаруе на адзежу і на хлеб (Ц.Гартны). Мая хата гразна ля такіх людзей! (Е.Раманаў).

Паведаміць пра недакладнасьць