Дзед П., Ян Пазьняк, быў рэдактарам беларускай хрысьціянскай газэты «Крыніца» (Вільня), у 1939 - арыштаваны і забіты бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, загінуў у 1944 у шэрагах Чырвонай Арміі.
У 1961 П. скончыў Суботніцкую сярэднюю школу. Працаваў загадчыкам Хілевічанскага сельскага клюбу на Івейшчыне. У 1967 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (мастацтвазнаўчае аддзяленьне). Працаваў рабочым сцэны ў Опэрным тэатры ў Менску, фатографам у Дзяржаўным музэі БССР і Літаратурным музэі Янкі Купалы, мастаком-афарміцелем на Менскім мастацка-вытворчым камбінаце, у часы перасьледу быў беспрацоўным. Вядомы таксама як цікавы фатограф.
З 1969 па 1972 навучаўся ў асьпірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі Навук. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у гэтым жа інстытуце. Змагаўся за захаваньне помнікаў дойлідзтва і гістарычнае забудовы старога Менску і ваколіцаў. У 1969 П. разам зь Лявонам Баразном апублікавалі ў газэце «Правда» артыкул «Заботясь о будущем», спрабуючы выратаваць ад зьнішчэньня гістарычную вуліцу Няміга [2]. Гэтая публікацыя крыху аддаліла зьнішчэньне Нямігі, але ўратавала будынак Тэатру імя Янкі Купалы і сквэр каля яго.
У 1974 П. пад псэўданімам Генрых Ракутовіч піша аналітычны агляд на расейскай мове «Положение в Белоруси. 1974 год», дзе выкрывае рэпрэсіўную палітыку ўладаў да беларускай інтэлігенцыі. П. так тлумачыў сытуацыю, што склалася ў Беларусі напачатку 1970-х: «Политика насилия и лжи проводятся в Белоруси (напісаньне арыгіналу. - Рэд.), почти не ослабевая, с 1930-х годов. Во времена так называемой «хрущёвской демократии» мы не смогли полностью реабилитировать большинство своих национальных политических деятелей, писателей и поэтов. Насилие и ложь образовали в республике весьма специфическое положение. По существу мы стоим ещё по горло в крови 1930-х годов. Физические и моральные потери были тотальны и столь существенны, что наше поколение чувствует их постоянно» [1]. Аналітычны агляд пачынаўся з просьбы: «Уничтожение нашей интеллигенции органами КГБ происходит в полном молчании. Если эти страницы попадут в руки наших братьев и единомышленников из других республик СССР, располагающих более широкими возможностями связи и информации, мы надеемся на их солидарность и помощь». Перадрукі і фотакопіі гэтай працы распаўсюджваліся ў Беларусі і па-за ейнымі межамі.
У 1975 у сувязі з разгромам «Акадэмічнага асяродку» П. звольнены з працы. У 1976 быў адноўлены на працы ў Акадэміі Навук, але ўжо ў іншым інстытуце - у Інстытуце гісторыі, дзе дасьледаваў помнікі археалёгіі і архітэктуры сярэднявечча. У 1981 абараніў дысэртацыю кандыдата навук па праблемах станаўленьня беларускага прафэсійнага тэатру. Вымушаны быў гэта рабіць у Расеі (Ленінградзе), бо ў Менску ягоная абарона была заблякаваная. У 1980-я гады П. вядзе актыўную барацьбу за захаваньне Верхняга гораду, праводзіць археалягічныя раскопкі. Вакол яго гуртуюцца «нефармальныя» моладзевыя сілы: «Талака», «Нашчадкі» (Менскі пэдінстытут).
У 1988 П. адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці трагедыю Курапатаў [4, 6]. У 1988 быў адным зь ініцыятараў стварэньня таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». А з 1989 стаў адным з заснавальнікаў і кіраўніком Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». У 1990 абраны народным дэпутатам Беларусі, быў старшынём Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.
У 1994 - кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Пасьля выбраньня прэзыдэнтам А.Лукашэнкі на П. абрынуўся перасьлед з боку ўладаў. У 1996 быў аддадзены загад схапіць П. і распачаць крымінальную справу. З таго часу П. на эміграцыі (Варшава, Ню Ёрк), выдае газэту «Беларускія ведамасьці».
Кр.: 1. ANH. F-3 (Зянон Пазьняк).
Працы: 2. З.Позняк, Л.Борозна. Заботясь о будущем // Правда (Масква). 13.04.1969; 3. Рэха даўняга часу. - Менск, 1985; 4. З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў. Курапаты - дарога сьмерці // ЛіМ. 03.06.1988; 5. Сапраўднае аблічча. - Менск, 1992; 6. Курапаты / Kurapaty: Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі (З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў, М.Крывальцэвіч, А.Іоў). - Менск, 1994.
Літ.: 7. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991. С. 288-310.
Ларыса Андросік, Алег Дзярновіч