У 1952 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, у 1968 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (мастацка-прамысловы факультэт, аддзяленьне ткацтва). У выставах браў удзел з 1957. У Беларускі Саюз мастакоў уступіў у 1967. Працаваў у галіне станковага жывапісу і станковай графікі, але асноўная ягоная праца - беларускі сцэнічны касьцюм. Яму належаць распрацоўкі касьцюмаў для Гарадзенскага ансамбля песьні і танца «Нёман», Смаргоньскага ансамбля песьні і танца імя Агінскага, Наваградзкага ансамбля песьні і танца «Сьвіцязь», для фальклёрных, харавых і танцавальных ансамбляў Ліды, Слоніма, Паставаў, шэрагу мястэчак і вёсак.
Апазыцыйная сутнасьць дзейнасьці Б. становіцца зразумелай, калі браць да ўвагі палітычныя рэаліі 1950-1970-х. Хоць «сацыялістычны рэалізм» дэкляраваўся як «мастацтва сацыялістычнае па зьмесьце і нацыянальнае па форме», і нават на сьцягу БССР імітаваўся адзін з узораў беларускага народнага арнамэнту, паглыбленая цікаўнасьць да этнаграфіі, народнага мастацтва, увогуле да якой заўгодна праявы нацыянальнага духу трактавалася камуністычнай уладай у Беларусі як зьява ідэалягічна непатрэбная і палітычна небясьпечная.
Русіфікацыя была скіраваная ня толькі супраць галоўнага чыньніка нацыянальнай тоеснасьці - беларускай мовы, але і супраць народнага мастацтва. Як беларускую мову падганялі пад стандарты мовы расейскай, так і на расейскія ўзоры арыентавалі, у прыватнасьці, тых, хто распрацоўваў сцэнічныя касьцюмы для беларускіх фальклёрных ансамбляў. Велізарных намаганьняў каштавала, напрыклад, дамагчыся дазволу на тое, каб апрануць ансамбаль «Песьняры» ў строі паводле матываў адзеньня беларускай шляхты. Праўда, тут прысутнічаў яшчэ і «сацыяльны» аспэкт: згодна русіфікатарскай лёгіцы, зь якой сыходзіла кіраўніцтва БССР, шляхты ў беларусаў увогуле быць не магло, бо «беларус» - гэта абавязкова «селянін», «мужык». Мастаку, каб быць абвінавачаным у нацыяналізме, дастаткова было намаляваць жанчыну ў намітцы. Намітку немагчыма зблытаць з расейскім какошнікам, таму яна набывала знакавы, сымбалічны сэнс (кшталту «канфэдэраткі» ў часы паўстаньняў 1830-1831 і 1863-1864). Намэнклятура КПБ-КПСС змагалася з наміткай як зь ідэйным ворагам.
Б. быў пачынальнікам вялікай справы, у пэўным сэнсе заснавальнікам школы беларускага сцэнічнага касьцюма; школы, якая абапіраецца на нацыянальную традыцыю, на сапраўднае, аўтэнтычнае народнае мастацтва, не скажонае «інтэрнацыяналізмам». Можна сказаць, што ён прывучыў мадэльераў раіцца з этнографамі. Ягоныя погляды паўплывалі на фармаваньне сьветаўспрыманьня шэрагу мастакоў і навукоўцаў. Дзейнасьць Б. падрыхтавала глебу для ўзьнікненьня ў Беларусі мастацкага напрамку, вядомага сёньня пад назовам «этнаграфізм» (Мікола Купава, Яўген Кулік, Алесь Марачкін...).
Займаючыся нэйтральнай, індыфэрэнтнай да палітыкі этнаграфіяй, Б. па сутнасьці займаўся палітыкай. Камуністычная ўлада лічыла, што цікавасьць да этнаграфіі пяройдзе ў цікавасьць да нацыянальнай гісторыі - а гэта ў сваю чаргу будзе мець палітычныя наступствы: ад усьведамленьня сваіх нацыянальных каранёў і ўсталяваньня культурнай аўтаноміі недалёка і да палітычнага «сэпаратызму» - да непазьбежнага распаду СССР. Прадчуваньне было правільным. Так, напрыклад, у рэспубліках Балтыі агульнанацыянальныя сьпеўныя сьвяты, традыцыю якіх ня здолела перарваць савецкая акупацыя, плаўна перайшлі ў «сьпеўныя рэвалюцыі». Нездарма ў Беларусі так і не было створанае «сьпеўнае поле» накшталт тых, што былі ў нашых балтыйскіх суседзяў. Хоць гаворка пра гэта ішла, і, нібыта, ідэя велізарнай «канцэртнай залі» пад адкрытым небам, здольнай зьмясьціць дзясяткі тысяч чалавек - артыстаў і гледачоў, ужо пачала ўвасабляцца ў праекце. Аднак гэты праект улады палічылі неактуальным.
Б. вядомы як дасьледчык традыцыйнай культуры Беларусі. Ён аўтар альбомаў «Беларускае народнае адзеньне», «Арнамэнты паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гарадзеншчыны». Як мастацтвазнаўца, ён дасьледаваў мастацкую творчасьць беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Ягоны альбом «Гравюры Францыска Скарыны» і сёньня адзін са стрыжнёвых твораў навуковай Скарыніяны.
Б. быў удзельнікам гуртка навуковай і мастацкай інтэлігенцыі «На Паддашку», сябрамі якой зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя выданьні, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспэдыцыі. Узгадвае сябра гэтага аб'яднаньня Барыс Мельнікаў: «Чалавек ён быў адкрыты, як сапраўдны мастак, неабаронены, гаварыў усё, што думаў... Мы яму часта казалі, што ўсё што б ты ні гаварыў, побач заўсёды сэксоты, але ён, відаць гэтым пагарджаў, не стрымліваў, можа гэта адбілася на ягоным лёсе... Ён у сваім асяродзьдзі прапагандаваў аддзяленьне Беларусі ад Савецкага Саюзу, гэта была ягоная ідэя, ён зь ёю падымаўся і клаўся спаць...» [1].
У канцы 1960-х - пачатку 1970-х у Беларусі пачынае стыхійна фармавацца рух у абарону гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Гэты рух ня быў масавым, ён аб'ядноўваў адносна малалікую творчую і навуковую інтэлігенцыю, а таксама моладзь, якая гарнулася да беларушчыны. Аднак сам факт такога кшталту грамадзкай ініцыятывы выклікаў занепакоенасьць улады. Абаронцаў старажытных бажніцаў і замкаў цкавалі ў прэсе, пазбаўлялі магчымасьці публічна выказаць свае думкі. У школах і ВНУ была ўзмоцненая «антырэлігійная прапаганда» і, зразумела, «барацьба з нацыяналізмам».
У маскоўскай прэсе ўжо тады абмяркоўваліся пытаньні захаваньня і выкарыстаньня архітэктурных помнікаў: у Маскве выходзілі кнігі, якія прапагандавалі культуру г.зв. Кіеўскай Русі, навукоўцы гаварылі пра страты, якія панесла краіна ад ваяўнічага атэізму і «сацыялістычнай рэканструкцыі» гарадоў і паселішчаў. А ў Беларусі надзвычайнай падзеяй лічылася зьяўленьне на газэтнай паласе фотаздымка бажніцы, замка і нават старога гарадзкога кварталу (рэдактар звычайна пасьля гэтага мусіў даваць тлумачэньні свайму куратару з райкаму, абкаму альбо ЦК КПБ - у залежнасьці ад статусу газэты). Такая сытуацыя была адной з праяваў каляніяльнага стану Беларусі. Каляніяльная адміністрацыя (у дадзеным выпадку структуры КПБ-КПСС) заўжды больш кансэрватыўная, больш прымітыўная за чынавенства мэтраполіі. Гэтым тлумачыцца жорсткасьць у стасунках з апанэнтамі, схільнасьць да «сілавых рашэньняў», калі, здавалася б, няцяжка знайсьці кампраміс. Шэраг гістарычных будынкаў быў зьнішчаны ў Менску якраз напрыканцы 1960-х - пачатку 1970-х, здавалася б, без усялякае патрэбы (на іх месцы так нічога і не пабудавалі). Адзінай мэтай гэтага вандалізму было паказаць, хто ў горадзе гаспадар. Гэта была нэрвовая рэакцыя БССРаўскага чынавенства на спробы грамадзтва паставіць нейкія межы ягонаму самавольству, прымусіць чыноўніка лічыцца зь меркаваньнем людзей.
У 1969 Б. разам зь Зянонам Пазьняком выступіў у абарону вуліцы Няміга - горадабудаўнічай каштоўнасьці Менску. Заплянаванае зьнішчэньне Нямігі ўлады тлумачылі неабходнасьцю вырашэньня транспартнай праблемы. Лябіравала гэты праект група архітэктараў, якія зьбіраліся на месцы зьнішчанай гістарычнай пабудовы ўзьвесьці гмах, які «цягнуў» на Дзяржаўную прэмію БССР. Артыкул Б. і З.Пазьняка, у якім яны выказалі свае погляды на праблему захаваньня культурнай спадчыны ўвогуле і старажытнай менскай вуліцы ў прыватнасьці, быў зьмешчаны ў газэце «Правда». Узьнікла надзея, што верх возьме здаровы сэнс, што гэты куток старажытнага Менску будзе захаваны. Аўтары артыкула набывалі палітычную вагу і вядомасьць на абшарах СССР, станавіліся небясьпечнымі ворагамі БССРаўскай намэнклятуры.
У 1972 Б. рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня Нямігі. 15.08.1972 ён быў забіты. Сьледчыя органы трактавалі гэтае забойства як звычайны крымінал, але пэўныя акалічнасьці даюць падставы падазраваць ў зьдзяйсьненьні злачынства савецкія спэцслужбы.
У 1975 сябры Б. наладзілі ў Менску ягоную пэрсанальную выставу, якая мела вялікі грамадзкі рэзананс, а запісы ў кнізе водгукаў адлюстравалі настроі ў беларускім грамадзтве.
Кр.: 1. АМН. F-3 (Лявон Баразна).
Літ.: 1. З.Позняк, Л.Борозна. Заботясь о будущем // Правда (Масква). 13.04.1969; 2. Выстаўка твораў мастака Л.Ц.Баразны (1928-1976). Каталог. Менск, 1975; 3. Сергей Рачила. Политическое убийство? // Рэспубліка 18.09.1992; 4. Сергей Михайлов. Жил-был художник один // Уголовное дело. 1996, № 11; 5. Ля вытокаў незалежнага грамадзтва: Асобы і падзеі беларускай апазыцыі 1950-1980-х. Каталёг выставы. Мн, 1998. С. 9-10.
Пётра Васілеўскі