Творчы асяродак «На Паддашку», асяродак апазыцыйнай, пераважна мастацкай, інтэлігенцыі ў Менску. Існаваў з 1966 па 1985.

Н.П. - гэта назоў майстэрні Яўгена Куліка на праспэкце Францішка Скарыны (у той час - Ленінскі праспэкт) у Менску, насупраць будынку КГБ. Майстэрня і сапраўды была пад самым дахам. Тут зьбіралася апазіцыйна настроеная беларуская інтэлігенцыя: Лявон Баразна, Зянон Пазьняк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Чарняўскі, Міхась Раманюк, Алесь Разанаў, Зьміцер Санько, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Майстэрня, па сутнасьці, была дыскусійным клюбам. Тут абмяркоўвалася культурная, а ў зьвязцы зь ёю, і грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне. Але адначасова тут нараджаліся ідэі і праекты розных акцыяў, якія ажыцьцяўлялі сябры гэтага асяродку.

Ва ўмовах таталітарнага рэжыму і навязанага Беларусі каляніяльнага статусу асьветніцтва і прапаганда нацыянальнай культуры былі формаю барацьбы за беларускасьць. Практычным вынікам дыскусіяў Н.П. стаўся шэраг мастацкіх выставаў, прымеркаваных да юбілейных датаў беларускае культуры. Асаблівасьцю гэтых выставаў была выразная канцэптуальнасьць, нацыянальная арыентаванасьць, нонканфармізм. У гэтым сэнсе яны выгодна адрозьніваліся ад тых экспазыцыяў, што траплялі пад ідэалягічную цэнзуру з боку адпаведных структураў Саюзу мастакоў, міністэрства культуры, КПБ і КГБ.

Вялікім посьпехам творчага асяродку Н.П. можна лічыць выставу да стагодзьдзя з дня нараджэньня Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976. Як згадвае Алесь Марачкін, мэтай гэтае культурніцкае акцыі было сьцьвердзіць, што «ёсьць у нас, як і ў іншых сьвятыня». Творы экспанаваліся ў выставачнай зале Саюзу мастакоў у Менску, потым у Жодзіне, у клюбе аўтазаводу. У Жодзіне шэраг твораў былі пашкоджаны хуліганамі. Нельга выключыць, што варварскі ўчынак быў зьдзейсьнены «па наводцы», што за хуліганамі стаялі пэўныя сілы. Тагачаснае кіраўніцтва Саюзу мастакоў БССР зрабіла ўсё, каб жодзінскі скандал ня меў розгаласу.

Наступная значная акцыя - выстава да юбілею Міколы Гусоўскага (1980). Калі выстава да стагодзьдзя Цёткі была праігнараваная ўладай і, адпаведна, афіцыйнай прэсай, дык гэтая мела пэўны розгалас у бэсэсэраўскіх СМІ. Рэч у тым, што рашэньнем UNESCO юбілей Міколы Гусоўскага быў унесены ў сусьветны каляндар выдатных культурных падзей. У гэтых абставінах не адзначыць падзею было для кіраўніцтва БССР тое ж самае, што прадэманстраваць усяму сьвету абыякавасьць, ці нават варожасьць да беларускай нацыянальнай культуры. Адзначыць - паспрыяць распаўсюджваньню ў Беларусі нацыяналістычных настрояў. Вырашылі ўсё ж юбілей аўтара «Песьні пра зубра» адсьвяткаваць, але трактаваць беларускага генія як носьбіта духовае велічы «ўсходнеславянскіх народаў». А паколькі ніякіх сьвяточных мерапрыемстваў падрыхтавана не было, давялося ўхапіцца за паўпадпольную, «нацыяналістычную» выставу, надаць ёй афіцыйны статус. Але афіцыйнае - значыць падцэнзурнае. Ад мастакоў запатрабавалі зьняць з экспазыцыі творы, у якіх прысутнічае герб «Пагоня». Тыя, зразумела, адмовіліся. Астатнія іх падтрымалі і заявілі: калі здымуць гэтыя творы - мы паздымаем свае, і выставы ўвогуле ня будзе. Экстрэмальныя абставіны прымусілі ўладу саступіць: ніводзін твор ня быў зьняты з экспазыцыі.

Пасьля гэтага асяродак Н.П., так бы мовіць, пашырыў «дысьлякацыю».

Сябры асяродку зьбіраліся ўжо ў майстэрні на вуліцы Дзьмітрава ў Менску, гаспадарамі якой былі Алесь Шатэрнік і Віктар Маркавец.

У 1980-я асяродак панёс страты. Улады, занепакоеныя распаўсюджаньнем беларускай ідэі, распачалі чарговую хвалю рэпрэсыяў супраць патрыятычнай інтэлігенцыі. Былі звальненьні з працы, узмацнілася цэнзура. Нягледзячы на гэта, асяродак працягваў культурніцка-асьветніцкую дзейнасьць. Па-ранейшаму ладзіліся выставы, сустрэчы, дыспуты. Менавіта ў асяродку Н.П. адзначаліся 100-гадовы юбілей Казіміра Малевіча, юбілейныя гадавіны Вацлава Ластоўскага і Язэпа Драздовіча.

Са зьменай палітычнай сытуацыі ў Беларусі мастакі асяродку Н.П. утварылі ядро патрыятычнай мастацкай суполкі «Пагоня».

Пётра Васілеўскі

Паведаміць пра недакладнасьць