Рабкевіч Валянцін (15.02.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-ну Менскай вобл. - 06.02.1995, Менск), літаратуразнаўца, перакладчык, паэт. Быў звольнены з працы ў 1974 па абвінавачваньні ў беларускім нацыяналізме («Акадэмічны асяродак»).

У 1959 скончыў гістарычна-філялягічны факультет Менскага пэдінстытуту імя Горкага. З 1959 па 1960 працаваў настаўнікам Іказьненскай СШ Браслаўскага р-ну Віцебскай вобл., з 1960 па 1963 - завучам Барадзеніцкай СШ таго ж р-ну, у 1963-1965 - завучам Ракаўскай СШ Валожынскага р-ну Менскай вобл. Вучыўся ў асьпірантуры пры Менскім пэдінстытуце (1965-1968). Сябра КПСС з 1965. Кандыдат філялягічных навук (1973). З 1968 па 1974 працаваў старшым рэдактарам, а пасьля загадчыкам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклёру і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя». Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1983. Р. перакладаў на беларускую мову творы Міхаіла Зошчанкі, Марка Чарамшына, Коба Абэ, Леа Мэтсар, Муа Марцінсан, Гогаля, Ясеніна, Ахматавай і інш.

У 1970-х Р. стаўся ахвярай бэсэсэраўскага КГБ, якое наўмысна вынайшла групу «нацыяналістаў», каб паказаць сябе ня горшым за ўкраінскае, якое ў той час арганізавала працэсы над нацыялістамі. Яшчэ ў 1973 менскае КГБ панаслала ў Маскву інфармацыю пра наяўнасьць групы нацыяналістычных навукоўцаў з Акадэміі Навук, але напачатку справе ня быў дадзены ход. У наступным годзе дзеля высьвятленьня абставінаў справы з Масквы была прысланая спэцыяльная камісія. Пасьля разгортваньня гэтай т.зв. «справы пяцёх» (гл. «Акадэмічны асяродак») 21.03.1974 Р. быў выключаны з КПСС. Фармулёўка пры выключэньні была наступнаю - «нацыяналістычнае разуменьне ленінскай нацыянальнай палітыкі». Р., а таксама С.Місько, М.Прашковіча, М.Чарняўскага, А.Каўруса звольнілі з працы (для звальненьня Р. быў выкарыстаны артыкул 34 Б - «скасаваньне працоўнай дамовы па ініцыятыве адміністрацыі»).

Р. апынуўся ў вельмі складаным становішчы - фактычна, ён апынуўся па-за грамадзтвам. Пасьля шасьці месяцаў пошуку працы Р. і Алесю Каўрусу нечакана прапанаваў працу сакратар ЦК Кузьмін: «Мы решили оставить вас в сфере идеологической работы. Вас и Кавруса» [2]. Так Р. уладкавалі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён з 1974 працаваў рэдактарам, з 1975 загадчыкам рэдакцыі. З часам Р. заняў пасаду старэйшага рэдактара.

У 1957 ягоныя вершы пачынаюць публікаваць у часопісе «Работніца і сялянка». У 1982 выйшаў ужо зборнік вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы», у 1985 - кніга прымавак і прыказак «Паслухай, што людзі кажуць». Шмат артыкулаў Р. друкавалася ў газэтах «ЛіМ», «Наша слова» і часопісе «Нёман».

Кр.: 1. НА РБ. Ф. 447, воп. 4, спр. 2, арк. 80-82.

Літ.: 2. Рабкевіч В. «Група пяцёх» // Наша Ніва. 1995, № 3.

Ірына Кашталян

Паведаміць пра недакладнасьць