Ржэўскі Браніслаў (25.03.1905, в. Добрыцкае Барысаўскага р-ну - 10.02.1980, Горадня), беларускі літаратуразнаўца і пэдагог; крытык камуністычнай нацыянальнай палітыкі, у сваёй дзейнасьці выкарыстоўваў публічныя формы пратэсту; палітычны вязень.

Р. у 1927 скончыў пэдагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У пэрыяд з 1930 па 1940 скончыў Магілеўскі пэдінстытут, працаваў у розных адукацыйных установах Магілева. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 працаваў у Баранавічах дырэктарам польскай сярэдняй школы імя Адама Міцкевіча.

Падчас другой сусьветнай вайны браў актыўны ўдзел у антыгітлераўскім супраціве - на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобл. стварыў падпольную дывэрсійную групу «Барыса», якой і кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі - брыгадай імя Суворава. Р. быў прызначаны рэдактарам газэты «Перамога» - органа Навамышскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны.

З кастрычніка 1944 па 1955 працаваў выкладчыкам і загадваў катэдрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Там стварыў гурток па зборы і вывучэньні вуснай народнай творчасьці, фальклёру пэрыяду другой сусьветнай вайны. Р. уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах нямецкіх акупантаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобл. У 1952 абараніў дысэртацыю пра творчасьць беларускага паэта Максіма Танка, Р. была нададзеная ступень кандыдата філялягічных навук. У 1955 пераяжджае ў Горадню і да 1957 выкладае беларускую літаратуру ў Гарадзенскім пэдагагічным інстытуце імя Янкі Купалы.

Хрушчоўская «адліга» была для Беларусі супярэчлівым пэрыядам - з аднаго боку, тысячы палітвязьняў, у тым ліку і вядомыя прадстаўнікі беларускае культуры, вярталіся зь лягероў, але адначасова ўзмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыцьцё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазьней, у 1959, была абвешчаная Мікітам Хрушчовым падчас яго візыту ў Менск праграмнай лініяй КПСС. Але грамадзкая атмасфэра пасьля XX зьезду КПСС спрыяла фармаваньню меркаваньня, што адкрытымі і публічнымі зваротамі можна дасягнуць пэўных зьменаў у сытуацыі.

Р. у сярэдзіне 50-х праводзіць уласную кампанію публічных зваротаў да ўладаў - піша лісты ў цэнтральныя беларускія газэты і ва ўстановы, зьвяртаецца да вядомых дзеячоў БССР. Р. у гэтых зваротах у рэзкай форме выказваецца пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаваньні выкарыстаньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі, культуры і публічнага жыцьця. Акрамя таго, Р. арганізуе напісаньне студэнтамі Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту заяваў пра становішча нацыянальнай школы (інфармацыя - паводле ўспамінаў тагачаснага студэнта, цяпер вядомага ў Беларусі настаўніка Алеся Белакоза). Трэба адзначыць, што Р. быў вельмі папулярны сярод студэнтаў.

16.02.1957 Р. арыштаваны проста на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21.02.1957 праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі сканфіскаваныя кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны пэрыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Францішка Аляхновіча, ксяндза Адама Станкевіча і інш.), а таксама польскія кнігі. Былі канфіскаваныя баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Р. называў Сталіна забойцам, Няронам і Чынгізханам, заклікаў беларусаў да вызваленьня.

У абарону Р. была праведзеная грамадзкая кампанія. Сяляне в. Скарчэва, дзе ў пачатку вайны жыў Р., сабралі 35 подпісаў пад зваротам у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў. Для падпісантаў у той час такі крок патрабаваў грамадзянскае мужнасьці.

25.03.1957 Р. асуджаны Гарадзенскім абласным судом паводле артыкулу 72 Крымінальнага кодэксу БССР на 7 год пазбаўленьня волі за тое, што «с позиций буржуазных националистов возводит злосную клевету на советский общественный строй, советскую действительность и на национальную политику коммунистической партии и советского правительства». Р. трапіў у лягеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі зь іх. Знаходзячыся ў зьняволеньні, Р. працягваў сваю кампанію пэтыцыяў. Так, 10.10.1957 ён накіраваў сябру Прэзыдыюму ЦК КПСС Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР.

Свой тэрмін Р. адбываў у Дуброўляге (Мардовія). У 1959 жонка зьняволенага Аляксандра Ржэўская зьвярталася ў Вярхоўны суд БССР з пратэстам на прысуд. Але ёй адказалі, што «оснований для принесения протеста по делу не имеется, поскольку мера наказания определена осуждённому в соответствии с содеянным, с учётом степени вины осуждённого и общественной опасности совершённого им преступления...». У 1961 Пленум Вярхоўнага суда БССР усе ж такі перагледзеў справу і датэрмінова (на 3 гады) вызваліў Р.

Па вяртаньні ў Горадню Р. апынуўся ў цяжкай атмасфэры ізаляцыі - ён пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КГБ.

Р. памёр 10.02.1980. У 1989 беларускі часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў фрагмэнт успамінаў пра Р. Рэдакцыя гэтага ж часопіса і сям'я Р. зьвярнуліся ў пракуратуру з хадайніцтвам аб рэабілітацыі. 29.03.1990 Пленум Вярхоўнага суда СССР рэабілітаваў Р. у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

Кр.: 1. ANH, F-3 (Браніслаў Ржэўскі).

Бібл.: 1. Натальля Громава «На самавольныя дзеянні ўказаць» // Крыніца. 1989, № 2; 2. А.Пяткевіч. Пэдагог, вучоны, вязень ГУЛАГа: Да 90-годзьдзя Б.А.Ржэўскага // Гродзенская праўда. 28.03.1995.

Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч

Паведаміць пра недакладнасьць