Сабіла Эрнст (18.03.(паводле пашпарту 31.12.)1932, в. Дзегцяроўка (сёньня на ейным месцы знаходзіцца чацьвертая менская ЦЭЦ), вязень сумленьня лягероў ГУЛАГу з 1951 па 1964. З пачатку 1970-х гадоў - ацзін зь лідэраў духоўнага жыцьця беларускіх баптыстаў (вернікаў Эвангельскае Царквы). Ад пачатку рэлігійнае дзейнасьці знаходзіўся пад перасьледам савецкіх спэцслужбаў.

У сярэдзіне 1930-х сям'ю Сабілаў выселілі «за сто першы кілямэтар» як нядобранадзейных, падалей ад блізкай савецка-польскай мяжы. Яны абаснаваліся ў Бабруйску. Яшчэ будучы хлопчыкам, С. далучыўся да эвангелістаў, чыя дзейнасьць была легалізаваная падчас нямецкае акупацыі. На працягу 1943-1944 сям'я Сабілаў супрацоўнічала з адным з савецкіх партызанскіх атрадаў Бабруйшчыны.

На С. завялі справу ў 1949, калі ён заканчваў Барысаўскую сярэднюю школу. Ім валодала жаданьне стварыць беларускую арганізацыю. Тады ён яшчэ не ўяўляў выразна ейную форму, але прынцыпы, на якіх яна мусіла базавацца, былі яснымі - абарона нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў. Ва ўмовах савецкае школы такія думкі і паводзіны былі заўважаныя. Гэтыя прынцыпы ён адстойваў усё жыцьцё і да нашага часу С. - беларускі дысыдэнт, які ўжо пяцьдзясят гадоў вымушаны супрацьстаяць рэпрэсіям і ціску з боку савецкіх спэцслужбаў.

Летам 1951 С., першакурсьнік Менскага мэдінстытуту, быў арыштаваны МГБ і ўвязьнёны ў сьледчай турме «амэрыканцы». Праз два месяцы асуджаны да расстрэлу паводле артыкулу 72-б КК БССР у фармулёўцы суда за «антысавецкую агітацыю на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Але празь невялікі час пакараньне было замененае дваццаціпяцігадовым тэрмінам зьняволеньня ў лягерох. «Уся гэтая судзейска-гэбісцкая зграя ненавідзела мяне лютай нянавісьцю. Бо ў мяне не было за што зачапіцца. Яны не разумелі - як так, зь сялянаў, партызаніў, і пры гэтым агітаваў насуперак іхнай ідэалёгіі. Я ня ўпісваўся ў іхныя схемы, і гэтым выклікаў яшчэ большую нянавісьць. Судзьдзя быў гатовы выканаць прысуд проста ў залі паседжаньняў...»

З 1951 па 1956 С. адбываў тэрмін зьняволеньня ў лягерох Электрасталь (Падмаскоўе), Усьць-Каменагорск (Паўночны Казахстан), Кемераўскае вобласьці, а таксама ва Ўладзімірскай турме. У 1953 і 1954 ён двойчы рабіў спробы ўцёкаў, і, паводле ўласнага прызнаньня, толькі цудам застаўся ў жывых.

У 1956 судовая камісія ВС СССР рэабілітавала С. Але ён апынуўся на волі адно на некалькі месяцаў. Са студзеня 1957 С. ізноў вязень ГУЛАГу. З гэтага часу і да 1964 ён знаходзіўся ў Мардовіі. «Тады пачаліся вугорскія падзеі. Нейкія тайныя ўказы былі, савецкія ўлады сталі вяртаць нядаўна вызваленых назад у лягеры. Рашэньне камісіі ВС СССР па маёй справе адмянілі «за цяжкасьцю зьдзейсьненага злачынства».

У Мардовіі С. ўвайшоў у склад сябрыны беларусаў-зьняволеных, сярод якіх былі такія асобы як Браніслаў Ржэўскі, Цімох Вострыкаў, а таксама афіцэры беларускага эскадрону Барыса Рагулі і інш. У 1959 годзе ён быў абвінавачаны ў стварэньні няіснай гэтак званай Расейскай Прагрэсіўнай Партыі (РПП), і правёў год пад сьледзтвам у Саранскай турме. Па справе РПП прайшло больш за сорак чалавек. Але за недастатковасьцю абвінавачваньняў справа была закрытая. «Гэта абсурд. Я пісаў у сваёй заяве, маўляў, тады здымайце зь мяне абвінавачваньне ў беларускім нацыяналізме...»

Адразу па вызваленьні ў 1964 за С. быў усталяваны вонкавы нагляд КГБ. Задачай спэцслужбаў было выцісьненьне С. са сталіцы. Яму не давалі менскай прапіскі, імкнуліся перашкодзіць спробам знайсьці працу. У 1969 С. усё ж удалося ўладкавацца на Менскі трактарны завод. А ў 1970-х ён скончыў вечаровае аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў.

Напачатку 1970-х С. стаўся казанікам адной зь незарэгістраваных баптысцкіх грамадаў Менску. Пэрыяд з гэтага часу і да канца 1980-х зьвязаны з трывалым паляваньнем КГБ за С. Паляваньне за вернікамі, аблавы, ператрусы на кватэрах, дзе вяліся малебны і г.д. Але штораз С. удавалася пазьбегнуць арышту. «Заўжды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі. Часьцяком нам даводзілася ўцякаць праз суседнія бальконы...» Перасьледы паводле рэлігійных матываў улады спалучалі з цкаваньнем на працы. Але ж С. імкнуўся не даваць ніводнай падставы для свайго звальненьня. Уласную актыўнасьць С. скіроўваў на сплачэньне сваёй грамады ды вывад яе з-пад удараў камуністычнай дзяржавы. Разам з тым, С. не ішоў на маральныя кампрамісы з уладамі.

З 1988 году С. - прасьвітар Эвангельскае Царквы ў Менску, рукапакладзены пастарам Васілём Чаропкам. З гэтага пэрыяду С. зьвяртаецца да актыўнае грамадзкае дзейнасьці. Ён асьвячаў першы зьезд БНФ, выступаў у сродках масавай інфармацыі і на мітынгах, быў сустаршанём Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Злучнасьці.

Сёньня ўзначальвае адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Эвангельская Царква. Зь сярэдзіны 1990-х найбольшыя намаганьні аддае жыцьцю сваёй Царквы. Сёньня будуе эвангельскі храм у Асіповічах.

Кр.: 1. АМН: F-3 (Эрнст Сабіла); 2. ANH: F-4/2:35(B), 36.

Бібл.: 3. Эрнст Сабіла: «Мая вайна - на каленях перад Богам» // Наша Ніва. 1998. № 14.

Севярын Квяткоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць