Сідарэвіч Анатоль (01.03.1948, хутар Доўгі лес на Піншчыне), публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, крытык камуністычнае ідэалёгіі, з прычыны чаго ў 1960-я быў рэпрэсаваны. Належыць да левага лягеру беларускай палітычнае думкі, адзін з заснавальнікаў адноўленае Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.

У школе С. быў вучнем Рыгора Родчанкі - вядомага ў 1950-1980-х краязнаўцы і нацыянальнага дзеяча са Слуцку. Такі ж вялікі ўплыў на фармаваньне асобы С. у школьным узросьце зрабіла тое, што ў яго сям'і было шмат нэапратэстантаў, вядомых сваёй апазыцыйнасьцю да камуністычнага рэжыму. Скончыў філязофскае аддзяленьне гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Са сьнежня 1966 працаваў у раённай газэце «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). У 1967 на працоўным стале С. былі знойдзеныя ягоныя дзёньнікі, дзе ўтрымлівалася крытыка ленінізму і Леніна. Тады вольнадумства каштавала С. толькі звальненьня з працы.

Далей С. працаваў загадчыкам клюбу ў вёсцы. За ім ужо сачылі. С. падтрымліваў актыўныя сувязі з менскімі апазыцыйнымі коламі, перш за ўсё з такімі людзьмі, як Алесь Разанаў, Віктар Ярац, Леў Барташ... Улетку 1968 яго зноў пазбавілі працы, на гэты раз у сельскім клюбе. У жніўні 1968 С. адкрыта выказваўся супраць акупацыі савецкімі войскамі Чэхаславакіі. Тады яго прывезьлі ў Баранавіцкае аддзяленьне КГБ для «прафіляктычнай размовы», дзе быў праведзены допыт і С. атрымаў папярэджаньне за антысавецкую агітацыю (крытыку аднапартыйнай сыстэмы) і падтрымку замежнай контаррэвалюцыі (падтрымку «Праскае вясны» і нязгоду з уварваньнем савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну).

Калі ў верасьні 1968 С. захварэў на запаленьне лёгкіх, яго з Ганцавічаў падманным шляхам перавезьлі ў псыхіятрычнае аддзяленьне 2-й Менскай клінічнай лякарні. Трэба адзначыць, што ў Беларусі не існавала спэцыялізаваных псыхлякарняў для дысыдэнтаў, як, напрыклад, сумнавядомая ў Курску (Расея). Быў абвешчаны дыягназ - хвароба Блэйлера (шызафрэнія); уводзілі інсулін і аміназін. С. выйшаў з псыхіятрычнага аддзяленьня 13 студзеня 1969. Але і надалей афіцыйныя псыхіятры вялі кантроль за ім, што ўплывала на асабістае жыцьцё і становішча на працы С. КГБ таксама праводзіла прыхаваны нагляд.

Практычную дапамогу ў працаўладкаваньні С. - чалавек з таўром псыхічна хворага, атрымаў ад многіх дзячоў беларускае культуры, перш за ўсё ад пісьменьніка Янкі Брыля, журналіста і літаратара Міхася Тычыны. Пры дапамозе сяброў С. уладкоўваўся ў вясковыя школы і раённыя газэты, але мала дзе яму давалі працаваць працяглы час.

У 1970-я гады С. актыўна інтэгруецца ў менскую вольнадумную супольнасьць, у 1973 уваходзіць у кантакт з «Акадэмічным асяродкам». Заслуга С. для незалежнай грамадзкай думкі Беларусі палягае на тым, што ён шмат у чым ініцыяваў дыскусію паміж «культурнікамі» і «палітыкамі» - паміж прыхільнікамі пераважна нацыянальна-культурніцкіх формаў актыўнасьці і прыхільнікамі праваабарончай дзейнасьці. С. выступаў як крытык тактыкі пэўных беларускіх апазыцыйных інтэлігенцкіх колаў, перш за ўсё - «Акадэмічнага асяродку», якая выяўлялася ў сьвядомым пазьбяганьні праваабарончых і палітычных тэмаў і праблемаў. Ужо ў наш час ім было прамоўлена аб беларускай апазыцыі: «Нашыя патрыёты-нацыяналісты палітыцы не вучыліся. Цяпер палітыка іх карае... На жаль, той рух, які мог нарадзіцца як праваабарончы, цяпер даводзіцца разьвіваць з пачатку».

У 1980-я гады С. стаў заўважным публіцыстам і літаратурным крытыкам. У 1981-1985 працаваў загадчыкам аддзела крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1987-1992 узначальваў літаратурны аддзел часопісу «Крыніца». Дасьледуе старонкі гісторыі Беларусі XX стагодзьдзя, забароненыя ў савецкай гістарыяграфіі - узьнікненьне Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе, дзейнасьць буйных прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай думкі пачатку стагодзьдзя братоў Луцкевічаў. Як толькі ў другой палове 1980-х зьявілася магчымасьць публікаваць творы на гэтую тэму, С. зрабіў некалькі важных гістарыяграфічных публікацыяў. Найбольш заўважнай сталася ягоная кніга «Антон Луцкевіч», апублікаваная ў часопісе «Нёман» (1990, № 7).

19.10.1988 С. удзельнічае ва Ўстаноўчай канфэрэнцыі «Мартыралёгу Беларусі», на якой быў створаны Арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага фронту «Адраджэньне», а ў чэрвені 1989 выступае з рэфэратам аб сувэрэнітэце на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ.

У канцы 80-х - пачатку 90-х С. стаў адным з заснавальнікаў адроджанае Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады. З 1990 ён сакратар Ініцыятыўнага, а пасьля Арганізацыйнага камітэта Грамады; 02-03.03.1991 - удзельнік Устаноўчага зьезду Грамады, дзе выступае з дакладам аб Праграмнай заяве; абраны сябрам Цэнтральнай Рады Выканаўчага камітэту. Паступова С. займае ўсё больш левую пазыцыю, у той час як сацыял-дэмакратыя ў Беларусі знаходзіцца ў стане расколу і ідэйнага крызысу. Цяпер С. - адзін з галоўных ідэёлягаў партыі Народная Грамада, якая знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Кр.: АМН, F-3 (Анатоль Сідарэвіч).

Літ.: 1. Антон Луцкевич // Нёман. 1990, № 7; 2. А потым быў жнівень 1968 году... Анатоль Сідарэвіч - пра карную псыхіятрыю ў БССР // Наша Ніва. 1997, № 3-4, 27 студзеня.

Алег Дзярновіч

Паведаміць пра недакладнасьць