ПСРН была заснаваная 02.11.1956 на сустрэчы М.Грачухі, памочніка санітарнага лекара абласной санэпідэмстанцыі з Ф.Казлоўскім, загадчыкам крамы. У прыватнай гутарцы, абмеркаваўшыя працэсы ў Вугоршчыне і Эгіпце, знаёмыя прыйшлі да высновы пра неабходнасьць заснаваньня арганізацыі на манэр партый, якія існуюць у краінах з дэмакратычнымі традыцыямі. Ініцыятыва сыходзіла ад М.Грачухі. У той жа дзень з гэтай ідэяй быў азнаёмлены прадавец мясакамбіната Г.Віньнікаў, які, па ўласных словах, выразіў палкае жаданьне далучыцца да незалежнага руху. У тым жа месяцы ў арганізацыю ўступілі электраманцёр Гомельскай ЦЭС М.Дзехцяроў і гравёр фабрыкі «Палесдрук» - А.Яткін. Апошні зрабіў пячатку арганізацыі і вынес з фабрыкі шрыфт дзеля вырабу ўлётак і вокладак партбілетаў.
На паседжаньнях бюро ПСРН (05.01 і 12.01.1957), якія адбываліся на кватэры Ф.Казлоўскага, быў выпрацаваны Часовы статут і некаторыя праграмныя палажэньні партыі. Асноўнымі пунктамі праграмы былі:
- прызнаньне права прыватнай уласнасьці на зямлю, вытворчасьць і сродкі вытворчасьці;
- будаўніцтва дэмакратычнага грамадзтва;
- адмаўленьне кіраўнічай ролі КПСС;
- шматпартыйнасьць;
- дэкляраваньне дружбы народаў Вялікай Расеі і ўсяго сьвету.
Ад сябраў партыі патрабавалася выкананьне задач па паляпшэньні жыцьця народа і зьдзяйсьненьня дэмакратычных асноваў.
Была распрацаваная прысяга сябраў ПСРН: «Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленьню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту».
Прадугледжваліся таксама розныя сродкі барацьбы з камуністычным рэжымам. М.Грачуха адстойваў паступовую і карпатлівую працу па прыцягненьні новых сяброў партыі. Ф.Казлоўскі выступаў за больш радыкальныя дзеяньні - за збор зброі, выпуск улётак, арганізацыю радыёпрапаганды.
ПСРН быў адпушчаны надта кароткі век. 09.02.1957 былі арыштаваныя М.Грачуха, Ф.Казлоўскі, А.Яткін, крыху раней Г.Віньнікаў, а 16.03.1957 - М.Дзехцяроў. 16.09.1957 рашэньнем Судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда сябры арганізацыі асуджаныя: М.Грачуха, Ф.Казлоўскі на 10 год пазбаўленьня волі, Г.Віньнікаў на 5 год пазбаўленьня волі, А.Яткін на 3 гады, М.Дзехцяроў - 1 год. Усе яны абвінавачваліся ў стварэньні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы Статуту і прысягі, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак.
Сярод заснавальнікаў ПСРН былі 2 беларусы, 2 расейцы, 1 украінец. Для поглядаў усіх іх характэрнае адмаўленьне савецкай дзяржаўнасьці і дамінуючай ролі КПСС. Дакумэнты ПСРН цікавыя для дасьледчыкаў як сьведчаньне тагачасных грамадзкіх настрояў і чаканьняў. ПСРН - гэта перш за ўсё, і галоўным чынам, праява сацыяльнага пратэсту.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі. Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысідэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель, 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998.
Алег Гардзіенка