У лютым 1962 ініцыятыўная група была пераўтвораная ў арганізацыйны камітэт, які распачаў выданьне нелегальнай прэсы («Вестник спасения», «Братский листок» і інш). Аргкамітэт выступіў за адмену закону «Аб рэлігійных аб'яднаньнях» ад 08.03.1929, абвясьціў 124-артыкул Канстытуцыі СССР аб свабодзе сумленьня «падманам народа» [1:285].
У Беларусі частка абшчынаў ЭХБ падтрымалі рашэньні «ініцыятыўнікаў» (ці «раскольнікаў»). Улады, у сваю чаргу, вельмі жорстка зрэагавалі на такое непаслушэнства. 15.05.1961 быў прыняты спэцыяльны ўказ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР «Аб узмацненьні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадзка-карыснай працы і вядуць паразытычны лад жыцьця», які прадугледжваў судовую адказнасьць, да якой прыцягваліся і кіраўнікі рэлігійных сэктаў.
Адным з цэнтраў «ініцыятыўнікаў» сталася Берасьце. У 1960 гарадзкая адміністрацыя разбурыла малітоўны дом баптыстаў і на ягоным месцы быў пабудаваны жылы дом. У прылеглай да Берасьця в. Вулька-Падгародзкая была пратэстанцкая абшчына, таму берасьцейскай абшчыне было прапанавана зьяднацца зь ёй, а саму гарадзкую абшчыну ліквідавалі. Берасьцейскія вернікі падтрымалі аргкамітэт і пачалі актыўную барацьбу за перарэгістрацыю абшчыны, што выклікала рэпрэсіі з боку ўладаў. Увосень 1962 на кватэрах кіраўнікоў абшчыны былі праведзеныя ператрусы і заведзеныя крымінальныя справы на 4-х чалавек (Г.Шапятунька, С.Мацьвеюк, І.Катовіч, Я.Федарчук), якія абвінавачваліся ў правядзеньні нелегальных малітоўных сходаў, распаўсюджваньні лістоў аргкамітэту. Былі асуджаныя і кіраўнікі «ініцыятыўнікаў» Менскай вобл.: В.Антоненка атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі, Г.Макаранка - 3 гады, А.Піліпенка - 2 гады.
Увосень 1965 адбыўся зьезд «ініцыятыўнікаў» Савецкага Саюзу. Ён стварыў Раду Цэркваў Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (РЦ ЭХБ). У Беларусі было на той момант 18 абшчынаў, колькасьцю 1148 чалавекаў, якія падпарадкаваліся РЦ ЭХБ. Агулам жа ў Беларусі было 147 абшчынаў, у шэрагах якіх было 11904 вернікаў [1:288]. Трэба дадаць, што існавалі яшчэ і незарэгістраваныя абшчыны, колькасьць якіх нам невядомая.
У 1960-я назіралася актыўная дзейнасьць пяцідзясятнікаў. Савецкія і кампартыйныя органы вялі актыўную прапаганду і барацьбу супраць іх. Прыклад ідэалягічнага змаганьня - аповесьць М.Герчыка «Вецер ірве павуціньне», у якой сьцявярджалася, што кіраўнікі абшчынаў дзейнічаюць злачыннымі мэтадамі. Адзін зь яскравых прыкладаў рэпрэсыяў над пяцідзясятнікамі - гісторыя вернікаў в. Рэчкі Пінскага р-ну. На Вялікдзень у 1960 улады разагналі вернікаў, якія сабраліся ў малітоўным доме, разбурылі дах. Калі і гэтага ім падалося мала, яны пачалі хадзіць па хатах і рэквізавалі ў людзей рэлігійную літаратуру, якую потым прылюдна спальвалі. Большасьць вернікаў ЭХБ перайшла ва ўлоньне царквы пяцідзясятнікаў. У 1962 былі асуджаныя два кіраўнікі гэтай абшчыны. Праз год адбыўся яшчэ адзін судовы працэс, на якім розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня атрымалі М.Кат, Ц.Кат, А.Мялік, І.Казлоўскі. У 1962 быў асуджаны кіраўнік пяцідзясятнікаў у мястэчку Лагішын Л.Лагвіненка, якому інкрымінавалася дармаедзтва. Судовыя працэсы прайшлі ў Столінскім, Пінскім, Бярозаўскім і іншых р-нах Берасьцейскай вобл.
У пачатку 1960-х актывізавалі сваю дзейнасьць пяцідзясятнікі Менску. 31.12.1960 вернікі на кватэры Я.Ката пад выглядам сустрэчы Новага году вырашылі правесьці вялікі рэлігійны сход. Чакалася нават выступленьне адмысловага струннага аркестра, створанага высілкамі вернікаў. Што нядзіўна, пра гэта даведаліся ў КГБ. Апэратыўнікі прыклалі ўсе намаганьні, каб акцыя не адбылася. Адметнасьцю менскай абшчыны быў актыўны ўдзел моладзі ў рэлігійным жыцьці. Існаваў юнацкі гурток, ачолены Л.Ганчарэнкам. Аўтарытэт менскай абшчыны пяцідзясятнікаў па-за межамі Беларусі быў вельмі высокім.
У кастрычніку 1964 да ўлады ў Савецкім Саюзе прыйшоў Л.Брэжнеў, які пачаў праводзіць шэраг мерапрыемстваў насуперак ранейшай палітыцы М.Хрушчова. Гэта мела дачыненьне і да пытаньня ў рэлігіі. 27.01.1965 Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета СССР заслухаў даклад Генэральнага пракурора СССР Р.Рудэнкі і старшыні Вярхоўнага суда СССР А.Горкіна «Аб некаторых фактах парушэньня сацыялістычнай законнасьці ў адносінах да вернікаў». Пачаўся перагляд некаторых справаў асуджаных вернікаў.
Аднак, нягледзячы на гэта, рэпрэсіі супраць вернікаў працягваліся. Былі асуджаныя чальцы ваўкавыскіх пасьлядоўнікаў РЦ ЭХБ браты Арцюхі, а таксама М.Шпык. У 1969 годзе ў Зэльве адбыўся гучны працэс над кіраўнікамі абшчыны ў в. Бародзічы - М.Шугалам, М.Мазутам. Рэчавым доказам быў амэрыканскі часопіс з артыкуламі антысавецкага накірунку. Разгарнулася кампанія прапаганды і паклёпу на РЦ ЭХБ, але колькасьць вернікаў усё роўна павялічвалася. У 1979 прыхільнікі РЦ ЭХБ налічвалі 26 абшчынаў, каля 1600 чалавекаў. Актыўную дзейнасьць па беларусізацыі Царквы праводзіў Эрнст Сабіла.
У 1980-я адчуваецца пэўнае паслабленьне ціску на вернікаў-пратэстантаў, што выявілася ў рэгістрацыі новых абшчынаў і пабудове малітоўных дамоў (Менск, Берасьце і інш.). Далейшая лібэралізацыя прынесла мажлівасьць легальнага існаваньня Пратэстанцкіх Цэркваў.
Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998; 2. История евангельских христиан-баптистов в СССР. - Масква, 1989.
Алег Гардзіенка