Заснавальнікамі лічацца А.Яўсеенка, С.Дубавец, Б.Сачанка, сям'я мастакоў Цімохавых ды інш. Першапачаткова меркавалася, што гэта будзе беларускамоўная суполка літаратурнага кірунку. Зьбіраліся ў рэдакцыі газэты «Гомельская праўда». Але дырэкцыі не спадабалася дзейнасьць маладых людзей, і яны былі вымушаныя сысьці. Так у сакавіку-красавіку 1986 узьнікла цалкам самастойная грамадзкая арганізацыя. Асноўная сфэра дзейнасьці: дасьледаваньні ў галіне археалёгіі, фальклёру, гісторыі, фіксацыя помнікаў архітэктуры і прапаганда беларускай культуры сярод насельніцтва. Праводзіліся тэатралізаваныя пастаноўкі, сьпеўкі. Гомельская Т. прымала ўдзел і ў палітычным жыцьці: мітынгі, акцыі пратэсту, праводзіліся пікеты па збору подпісаў аб перадачы Петра-Паўлаўскага сабору вернікам (пачынаючы з 1987). Ладзіліся жалобныя пікеты і мітынгі ў Гомелі, прысьвечаныя Чарнобыльскай катастрофе (26.04.1987 - «Хвіліна маўчаньня»). У 1988 у Жлобіне было зарганізаванае Гуканьне Вясны. Таксама зьбіраліся подпісы за адкрыцьцё беларускіх клясаў. У 1990 была створаная беларуская нядзельная школка ў Палацы моладзі «Гомсельмашу». У тым жа годзе ў кастрычніку адбылася першая сутычка зь міліцыяй. Трэба адзначыць і кансалідуючую ролю Т.: вакол яе гуртаваліся ўсе нефармальныя суполкі Гомельшчыны; у сядзібе Т. (спачатку на Першамайскай, 18, а потым і ў Палацы моладзі «Гомсельмашу») было заўжды шмат людзей. Гомельская Т. была актыўным сябрам Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак (удзельнічала ў водным ралі па Дзьвіне супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, па Прыпяці супраць мэліярацыі Палесься і г.д.). Т. сталася базай для стварэньня гомельскай філіі БНФ.
Кр.: 1. ANH. F-8; 2. ANH. F-3.
Літ.: 3. Раманава Н. Будзем працаваць з прагрэсіўнымі сіламі // Гомельская праўда. 13.09.1990.
Галіна Кацуба