Было ўтворанае ў 1987 з мэтай «абараняць свае правы, свае погляды і перакананьні, супрацьстаяць жалезнай гіерархічнай структуры Саюзу пісьменьнікаў». Дзеля легальнасьці фармальна лічылася, што таварыства існуе пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі. Таварыства аб'ядноўвала блізу 80 сябраў. Актыў складалі: А.Бяляцкі, А.Глёбус, С.Дубавец, В.Казлова, С.Кавалёў, А.Сыс, У.Сьцяпан, С.Шупа, П.Васючэнка, М.Талочка, М.Шайбак. Ня маючы шырокай магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, маладыя літаратары наладзілі выпуск самвыдавецкага альманаху «Літаратура». Каб асьвятляць дзейнасьць таварыства, была створаная самвыдавецкая газэта «Кантроль».
Т. сталі ня толькі праваднікамі нонканфармізму ў літаратуры, але рэальнай палітычнай сілай. Акцыі, якія праводзіліся аб'яднаньнем, мелі шырокі рэзананс у грамадзтве, паседжаньні і вечарыны Т. зьбіралі вялікую колькасьць гледачоў.
Палітычная дзейнасьць Т. пачалася ў 1987, калі аб'яднаньне аднавіла (у форме сходу людзей - мітынгу) старадаўнюю беларускую традыцыю дня памінаньня памерлых «Дзяды». Тут упершыню злачынствы сталінізму былі названыя генацыдам і злачынствам супраць чалавецтва, быў зачытаны доўгі сьпіс беларускіх літаратараў, рэпрэсаваных у гады тыраніі. Пасьля мітынгу ў прэсе разгарнулася кампанія па ачарненьні Т., іх абвінавачвалі ў фашызме і экстрэмізме.
«Дзяды» ў 1988 былі, бадай, самай гучнай і масавай акцыяй 1980-х, для разгону дэманстрантаў былі прымененыя газы і дубінкі. Арганізацыя мітынгаў пацягнула за сабой шэраг рэпрэсыяў з боку ўладаў: арышты, штрафы, пабоі, перасьледы, шальмаваньне ў прэсе.
Т. праіснавалі да 1990, многія сябры таварыства сталі стваральнікамі і ўдзельнікамі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».
Кр.: 1. ANH: F-8/2.
Літ.: 2. Кантроль: Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». 1989. № 1, 2; 3. «Тутэйшыя»: Творчасць сяброў таварыства / Укл. С.Дубавец. - Менск, 1989. 263 с.; 4. Ад «Тутэйшых» - да тутэйшых... // ЛіМ. 24.04.1998.
Ларыса Андросік