Ядро акцыі ўтварылі прыбалтыйскія хіпі, якія прыехалі зь Вільні, Рыгі, Коўны. Яны выйшлі з Гарадзенскага вакзалу на цэнтральную Савецкую плошчу. У руках трымалі плякаты «Рукі прэч ад нашых валасоў!», «Пакіньце нашыя душы ў спакоі!»ды інш., але не дэманстравалі іх, бо чакалі гарадзенскіх хіпі. Тым часам частка гарадзенскіх прадстаўнікоў хіпі-руху, якая йшла з Занёманскай часткі гораду, была блякаваная на мосьце праз Нёман, а пасьля дастаўленая ў пастарунак.
Гарадзенскіх хіпі, якія здолелі прабіцца на Савецкую плошчу, абкружылі міліцыянты, дружыньнікі і людзі ў цывільным: ахоўнікі адбіралі плякаты, зьбівалі імі хіпі, ірвалі джынсы, кашулі, рэзалі валасы. Пакалечаных маладых людзей кідалі ў міліцэйскія машыны і адвозілі ў Гарадзенскі гарадзкі аддзел міліцыі, дзе саджалі ў разьмеркавальнік. На гарадзенскіх хіпі складалі пратаколы і адпускалі, а прыбалтыйцаў пратрымалі ў разьмеркавальніку тры дні.
Пасьля выступу хіпі ў горадзе сталі зьяўляцца ўлёткі, набраныя на друкарцы, у якіх зьмяшчаліся заклікі падтрымаць зьняволеных і адстойваць свае правы як вольнай ад палітычнага рэжыму асобы. Існавала некалькі адрозных па зьмесьце друкаваных улётак, былі іх рукапісныя варыянты.
Выступ хіпі актывізаваў прэсынг уладаў на маладзёжны хіпі-рух: у навучальных установах праводзіліся лекцыі, празь якія даводзілася, што «хіпі - гэта людзі, якія дыскрэдытуюць савецкі лад». Найбольш актыўных удзельнікаў хіпі-руху выключалі з навучальных установаў. Улады пачалі ставіцца да хіпі як да рэальнага руху, які трэба кантраляваць. Менавіта гэтым можна патлумачыць тую нечакана жорсткую рэакцыю на II-гі выступ хіпі.