Аалта Алвар (1898-1976), фінскі архітэктар. Адзін з буйнейшых архітэктараў 20 ст. Скончыў Тэхналагічны інстытут у Хельсінкі (1923). Працаваў у розных краінах свету (Швецыя, ЗША, Германія і інш.). Праектаваў жылыя комплексы, друкарні, санаторыі, бібліятэкі, навучальныя ўстановы, культурныя цэнтры, прамысловыя аб'екты (заводы, фабрыкі) і інш. У сваёй творчасці спалучаў нацыянальныя фінскія традыцыі з прынцыпамі функцыяналізму і арганічнай архітэктуры, дабіваўся выразнасці аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, арганічна ўпісанай у прыродны ці гарадскі ландшафт. Лічыцца адным са стваральнікаў фінскага дызайну. Сярод найбольш значных твораў А. - галоўны будынак Політэхнічнага інстытута ў Атаніемі (1963-1966), санаторый у Пайміо (1929-1930), палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі; бібліятэка ў Выбаргу; культурны цэнтр у Вольфсбургу (1962); будынак Пенсійнага кіравання і інш. У творчасці А. адлюстраваўся шматслойны характар фінскай культуры (змяшэнне розных элементаў заходняй цывілізацыі, рэшткаў дагістарычных і сярэднявечных часоў). Значную ўвагу А. удзяляў арганізацыі асвятлення ў будынках, паколькі лічыў, што святло фармуе прастору, выяўляе пластыку канструкцый, служыць магутным сродкам ўздзеяння на чалавечыя эмоцыі.

Паведаміць пра недакладнасьць