«Авеста», старажытнаіранскі рэлігійны помнік; у зараастрызме - збор свяшчэнных кніг. Узнікла, магчыма, у першай палове 1 тыс. да н.э. Тэкст быў канчаткова кадыфікаваны на працягу 3-7 ст. н.э. «А.» - адзіны ў свеце твор, запісаны авесційскім алфавітам. Утрымлівае звод рэлігійных і юрыдычных прадпісанняў, малітоўныя песнапенні, разнастайныя паданні і легенды, гімны божаствам і інш. Паданне прыпісвае аўтарства ўсіх кніг «А.» Заратуштры, аднак у сучасны перыяд лічыцца, што ён мог мець непасрэднае дачыненне толькі да асобных, найбольш старажытных частак «А.» - да т.зв. «Гаты» (кнігі свяшчэнных малітваў).

Паведаміць пра недакладнасьць