«Аналаў школа», школа французскіх гісторыкаў (М.Блок, Л.Феўр, Ф.Брадэль і інш.), якія групаваліся вакол створанага ў 1929 французскага часопіса «Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі». Выступалі за стварэнне новай «сінтэтычнай» (шматмернай і рознабаковай) гісторыі ў супрацьвагу «падзейнаснай», якая апавядае пра простую змену, чаргаванне розных гістарычных падзей. У даследаваннях прадстаўнікоў «А.ш.» шмат увагі ўдзялялася аналізу праблем ментальнасці, карціны свету розных народаў, псіхалагічных станаў людзей розных гістарычных эпох, духоўнай культуры і інш.