Анімізм, адна з форм першабытных вераванняў; вера ў існаванне душы і розных духаў; сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы як вызначальных пачатках свету і чалавечага жыцця. Тэрмін «А.» уведзены ангельскім антраполагам, этнографам Э.Б.Тайларам для характарыстыкі першабытнага светапогляду, які вызначаецца проціпастаўленнем бачнага і нябачнага (незямнога) светаў. А. узнік у эпоху першабытнага грамадства і з'яўляецца адным з састаўных элементаў кожнай сучаснай рэлігіі. Лічыцца, што духі аказваюць пазітыўны або адмоўны ўплыў на жыццё чалавека, жывёл і раслін, а таксама на прадметы і з'явы навакольнага свету. У беларускім фальклоры (легендах, паданнях, песнях) сустракаюцца вобразы злых і добрых духаў (лесавік, палявік, вадзянік і інш.), а таксама хатніх духаў (дамавік, лазнік і г.д.). Анімістычныя ўяўленні прысутнічаюць у розных народных звычаях, абрадах, традыцыях, святах (напр., у беларускім абрадзе памінання продкаў - Дзядах; у абрадзе «завівання барады» падчас дажынак і да т.п.). У Беларусі з даўніх часоў было распаўсюджана павер'е аб тым, што, напр., жыта, як і чалавек, мае ўласную душу, можа гаварыць чалавечым голасам, і таму часам удаецца падслухаць гэтую дзіўную гаворку жыта.

Паведаміць пра недакладнасьць