Бальны танец, танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танцавальных вечарах, балях. Узнік у 15 ст. у Італіі; у 16-17 ст. заканадаўцам моды была Францыя. Спачатку Б.т. не меў устаноўленай формы, вызначаўся ўзнёсла-арыстакратычным характарам. Тады папулярнымі Б.т. былі алеманда, бурэ, гавот, менуэт, сарабанда. У 18-19 ст. узніклі і пашырыліся больш свабодныя Б.т., сярод якіх галоп, канкан, контрданс, лендлер, мазурка, полька і інш. З сярэдзіны 19 ст. найбольшае пашырэнне атрымаў вальс, непарыўна звязаны з творчасцю бацькі і сына Штраўсаў. У канцы 19 - пачатку 20 ст. пад уплывам танцавальных традыцый розных краін амерыканскга кантыненту ўзніклі блюз, румба, самба, танга, чарльстон і інш. Большасць сучасных Б.т. вызначаюцца імправізацыйнасцю, зменлівасцю танцавальнай моды. Многія Б.т. другой паловы 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (рок-н-рол, твіст, шэйк і інш.). Праводзяцца нацыянальныя і міжнародныя конкурсы на лепшае выкананне Б.т. па спецыяльнай праграме. У Беларусі з 17 ст. былі вядомы асобныя заходнеэўрапейскія танцы (куранта, марэска, павана), якія выконваліся пры дварах магнатаў, у калегіумах. Зараз у нашай краіне дзейнічае мноства гурткоў, школ і студый Б.т.

Паведаміць пра недакладнасьць