Бах Іаган Себасцьян (1685-1750), нямецкі кампазітар, арганіст. Працаваў кантарам царквы ў Лейпцыгу, выкладаў музыку ў царкоўнай школе, даваў прыватныя ўрокі музыцыравання. Б. лічыцца непераўзыйдзеным майстрам поліфаніі. Праславіўся як аўтар і выканаўца арганнай музыкі. Пісаў творы практычна ва ўсіх музычных жанрах (араторыі, кантаты, месы, фугі, харалы, матэты, санаты, сюіты, фартэп'янныя п'есы і інш.). Сярод найбольш вядомых твораў - «Страсці па Іаану» (1724), «Страсці па Матфею» (1729), 6 «Брандэнбургскіх канцэртаў» для аркестра (1711-1720). Свецкая музыка Б. па свайму мастацкаму ўзроўню саступае яго духоўным, рэлігійным творам. Пры жыцці Б. быў вядомы пераважна як арганіст, а большасць яго выдатных твораў былі належным чынам ацэнены значна пазней, у 19-20 ст. І.Гётэ сцвярдаў, што музыка Б. - «гэта гутарка вечнай гармоніі з самой сабой, яна падобная на Боскую думку перад стварэннем свету». Творчасць Б. вызначаецца філасофскай глыбінёй зместу і высокім этычным сэнсам. Яна абагульніла дасягненні музычнага мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму, значна паўплывала на далейшае развіццё эўрапейскай музычнай культуры. У розны час ўзніклі і дзейнічаюць Бахаўскі Інстытут (Германія), Бахаўскія таварыствы, праводзяцца Бахаўскія фестывалі.