Беларускія вечарынкі, вечары беларускай нацыянальнай культуры, што праводзіліся з пачатку 20 ст. да 1920-х г. у Беларусі і за яе межамі. Першая вядомая Б.в. адбылася ў 1906 ў в. Пятроўшчына пад Менскам. Шырокі рэзананс атрымала першая Б.в. ў Вільні ў лютым 1910. У Пецярбургу Б.в. наладжваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў універсітэта. У іх праграму ўваходзілі спектаклі, харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў прозы і паэзіі. Падчас Б.в. ставіліся п'есы «Мядзведзь» і «Сватанне» А.Чэхава, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, інсцэніроўкі твораў Э.Ажэшкі «У зімовы вечар» і «Хам» і інш. Б.в. садзейнічалі прапагандзе беларускага мастацтва, станаўленню беларускага прафесійнага тэатра, арганізацыі самадзейных гурткоў, паглыбленню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Яны карысталіся шырокай папулярнасцю па ўсёй Беларусі, іх лепшыя традыцыі пакладзены ў аснову творчай дзейнасці Першай беларускай трупы І.Буйніцкага.