Купала Янка (1882-1942; сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч; заснавальнік (разам з Я.Коласам) новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). Скончыў Бяларуцкую народную навучальню (1898), вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), у народным універсітэце імя А.Шаняўскага ў Маскве (1915). Працаваў хатнім настаўнікам, пісарам, аканомам у розным памешчыцкіх маёнтках. У 1908-1909 супрацоўнік газеты «Наша ніва», у 1914-1915 яе рэдактар. У 1918 у Смаленску наведваў універсітэцкія курсы па гісторыі мастацтваў. Удзельнічаў у стварэнні БДУ, АН Беларусі, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў і інш. Пачаў пісаць на польскай мове. Першы беларускамоўны верш «Мужык» надрукаваны ў 1905. Першы паэтычны зборнік «Жалейка» (1908) выйшаў у Санкт-Пецярбургу. Аўтар сатырычных камедый «Паўлінка» (1912) і «Тутэйшыя» (1922), драмы «Раскіданае гняздо» (1913), у якіх выявіў духоўную прыгажосць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасцей беларускага грамадства, складаны гістарычны лёс народа, сцвердзіў самабытнасць беларускай мовы і культуры. У ранняй паэзіі, блізкай да фальклору сваімі вобразнасцю, лірызмам, мелодыкай з вялікім паэтычным майстэрствам адлюстравана цяжкая доля беларускага народа, адметныя рысы яго гістарычнага шляху, характару, светаўспрымання (зборнікі вершаў «Гусляр», 1910; «Шляхам жыцця», 1913; паэмы «Спрадвечная песня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «Магіла льва», 1913) і інш. Аўтар многіх публіцыстычных работ, прысвечаных праблемам асэнсавання гістарычнага лёсу Бацькаўшчыны, развіцця беларускай культуры і мовы. Асобныя яго творы неаднаразова забараняліся, падвяргаліся цэнзуры, вострай тэндэнцыйнай крытыцы (напр., п'еса «Тутэйшыя», паэма «Курган» і інш.). Творчасці К. ўласцівы патрыятызм, эпічны размах, філасофская глыбіня, лірычная сіла, драматычнае напружанне, эмацыянальная пераканальнасць, сувязь з традыцыямі беларускага фальклору і інш. Лічыў мову «выразіцелькай душы і думак чалавека», «душой душы народа». Заклікаў беларусаў заўсёды помніць, што ў нас адзіная Бацькаўшчына, «адна мова родная - беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». Пераклаў на беларускую мову «Слова пра паход Ігаравы», паэмы і вершы А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, М.Някрасава і інш. З 1966 прысуджаецца прэмія імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Трагічна загінуў (пры нявысветленых абставінах) у Маскве.

Паведаміць пра недакладнасьць