Боас Франц (1858-1942), нямецка-амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Вучыўся ва ўніверсітэтах Гейдэльберга, Бона і Кіля. Па першапачатковай адукацыі быў фізікам і матэматыкам. Атрымаў вучоныя ступені доктара філасофіі і доктара медыцыны. У 1880-я г. эміграваў у ЗША. З 1899 - прафесар антрапалогіі Калумбійскага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі, рэдактар часопіса «Амерыканскі фальклор», прзідэнт Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. Працяглы час у палявых умовах вывучаў культуры і мовы індзейцаў паўночна-заходняга ўзбярэжжа ЗША. Апублікаваў сотні артыкулаў і кніг па антрапалогіі, лінгвістыцы, археалогіі і этналогіі. Стварыў школу гістарычнай этналогіі. Лічыў, што нельга захапляцца агульнымі законамі і схемамі развіцця культуры (эвалюцыянізм, дыфузіянізм, функцыяналізм), паколькі кожны народ мае свае непаўторныя гісторыю і культуру. Рысы падабенства (напр., агульнасць мовы) могуць быць вытлумачаны як агульным паходжаннем, так і ўзаемнымі ўплывамі. Паводле Б., навуковае даследаванне культуры магчыма толькі на базе сістэмы каштоўнасцей таго народа, якому яны належаць. Выступаў за комплекснае даследаванне культурнай дзейнасці чалавека з прыцягненнем матэрыялаў і фактаў з фізічнай антрапалогіі, лінгвістыкі, археалогіі, біялогіі і інш. Адным з першых Б. пачаў выкарыстоўваць статыстычныя метады апрацоўкі антрапалагічных дадзеных. Аўтар класічных культурантрапалагічных прац «Розум першабытнага чалавека» (1911). «Кіраўніцтва па мовах амерыканскіх індзейцаў» (1911-1922), «Раса, мова і культура» (1940), іншых манаграфій, шматлікіх артыкулаў.