Дыфузіянізм (ад лац. diffusio - разліццё, прасочванне), культуралагічная школа, якая аформілася ў канцы 19 - пачатку 20 ст. у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Асноўныя прадстаўнікі - Г.Тард, Ф.Боас, Ф.Грэбнер, У.Рыверс, Г.Чайльд, В.Шмідт і інш. Паводле Д., у аснове культурнага развіцця ляжаць працэсы пераймання і распаўсюджання культуры з адных цэнтраў (ачагоў высокай культуры) у іншыя, звычайна менш культурна развітыя. Дыфузіяністы супрацьпаставілі паняццям эвалюцыі, гістарычнага працэсу паняцце дыфузіі культурнай, якое азначае прасторавае перамяшчэнне, распаўсюджанне культуры ці асобных яе элементаў з якога-небудзь цэнтра ці адразу некалькіх цэнтраў. Працэсы міжкультурнага ўзаемадзеяння могуць даць магчымасць некаторым народам не праходзіць пэўныя стадыі свайго культурнага развіцця. Асноўнымі сродкамі пашырэння культур Д. лічыў заваяванні, гандаль, каланізацыю, міграцыю, добраахвотнае перайманне, а таксама ўнутрысістэмныя фактары развіцця. Развіццё асобных культур у Д. тлумачылася не іх унутранымі асаблівасцямі, заканамернасцямі і тэндэнцыямі гістарычнай эвалюцыі (як у эвалюцыянізме), а галоўным чынам перайманнямі культурных дасягненяў іншых народаў свету. Паводле Д., найбольш вядомыя культурныя вынаходніцтвы - міфалогія, земляробства, лук і стрэлы, культ духаў, патаемныя мужчынскія саюзы і інш. - першапачаткова ўзніклі ў пэўным геаграфічным рэгіёне (напр., у старажытным Эгіпце, Вавілоне і г.д.), а потым распаўсюдзіліся па ўсім свеце шляхам стыхійнага расцякання. Д. адносіцца да ліку эндагенных тэорый, паколькі галоўнае значэнне ва ўзнікненні і пашырэнні культурных з'яў надае знешнім фактарам. У Д. чалавек успрымаецца не як стваральнік, а як носьбіт культуры. На аснове Д. была распрацавана культурных колаў тэорыя, паводле якой спалучэнне шэрагу прыкмет у пэўным геаграфічным раёне дазваляе вылучыць асобныя культурныя правінцыі («колы»).

Паведаміць пра недакладнасьць