Дыфузія культурная, распаўсюджанне, прасторавае перамяшчэнне культуры або асобных яе элементаў з якога-небудзь цэнтра ці некалькіх цэнтраў на іншыя рэгіёны свету. У выніку Д.к. звычайна адбываецца ўзаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне адной або некалькіх культур. Тэрмін «Д.к.» распрацаваны ў дыфузіянізме. Асноўнымі механізмамі, каналамі Д.к. выступаюць добраахвотныя перайманні, міграцыі, гандлёвыя адносіны, войны, заваяванні, турызм, дзейнасць місіянераў, абмен спецыялістамі, студэнтамі і да т.п. Яна можа адбывацца не толькі паміж асобнымі краінамі і народамі, але і паміж пэўнымі сацыяльнымі супольнасцямі, групамі ў межах аднаго грамадства. Таму вылучаецца гарызантальны (паміж некалькімі этнасамі, рознымі групамі ці індывідамі) і вертыкальны (паміж суб'ектамі з няроўным статусам) напрамак Д.к.

Паведаміць пра недакладнасьць